У Берасці за пазыкі прадаюць кватэру з вельмі дзіўнымі суадносінамі дзеляў валодання
10- 14.08.2024, 21:10
- 9,574
Спатрэбіцца калькулятар.
На пляцоўцы для продажу маёмасці «БелЮрЗабеспячэнне» з'явілася незвычайная аб'ява: за пазыкі прадаецца дзель у праве ўласнасці на чатырохпакаёвую кватэру. Цікава тое, як менавіта гэтыя долі «нарэзаныя», звярнуў увагу партал Blizko.by.
Часта бывае так, што прадаецца роўна палова дзелі ў праве ўласнасці, ці трэць дзелі, ці, радзей, 1/10 часткі. Але тут выпадак даволі незвычайны: уласнасць кватэры падзеленая на 10000 частак.
Гэта не значыць, што ў яе 10000 уладальнікаў. Уладальнікаў усяго двое, абодва беларусы, але правы на кватэру падзеленыя паміж імі вельмі нераўнамерна, з дакладнасцю да сантыметра.
Жыллё прадаецца за пазыкі на вуліцы Малой, 5-1 у Берасці. Агульная плошча кватэры на першым паверсе цаглянай пяціпавярхоўкі складае 75 квадратных метраў, з іх жылая – 50,5 кв. м. Кватэра складаецца з чатырох жылых пакояў, кухні, калідора, паасобнага санвузла, лоджыі, гаўбца, склепа ў падвале.
А вось як размеркаваны дзелі. Завінавачанаму (менавіта ягоная частка прадаецца) прыналежаць 547/10000 дзеляў, другому ўладальніку – рэшта 9453 з 10000 дзеляў.
Калі перавесці ўсё гэта ва ўмоўныя квадратныя сантыметры, то атрымаецца, што адна з дзесяці тысячаў частак – гэта 75 квадратных сантыметраў. І тады тая частка, што цяпер выстаўленая на продаж, – гэта 41025 квадратных сантыметраў, ці 4,1 квадратнага метра.
Але прадаюцца, вядома, не пэўныя квадратныя метры, а дзель у валоданні ўсёй кватэрай. Пачатковы кошт гэтай дзелі складае 5100 рублёў, аўкцыён адбудзецца 15 жніўня а 9-й.