Што будзе з беларускімі сэкандамі пасля забароны на ўвоз вопраткі?
31- 16.08.2024, 13:17
- 39,580
Прадаўцы адказалі.
Нядаўна Еўразвяз прыняў новы пакет санкцый. Сярод іх — забарона на пастаўку з ЕЗ адзення, якое было ва ўжыванні. Ці паўплывае гэта на працу крам з сэканд-хэндам?
Чытачка «Нашай Нівы» як занепакоеная пакупніца звярнулася ў некалькі беларускіх сэканд-хэндаў.
У адной з найбуйнейшых сетак, якія гандлююць у Беларусі сэканд-хэндам, - «Эканом Сіці» - запэўнілі, што крамы працягнуць працаваць у звычайным рэжыме. Цяпер акурат паступае восеньскі асартымент. Прыкладна такі ж адказ далі ў іншай буйной сетцы крам – «Мода Макс».
У «Happy Hand» супакоілі, што ў іх нічога не зменіцца, новыя паступленні тавару будуць, і параілі глядзець графік завозу ў іх сацыяльных сетках.
У «Barashek family» сказалі, што выйсце ёсць заўсёды, і «завозы, вядома ж, будуць».
У «Best buy» адказалі, што ніяк не могуць пракаментаваць навіну аб санкцыях.
У «Двух янотах» былі стрыманыя ў прагнозах. Сказалі, што пакуль новыя паступленні плануюцца, а што будзе далей, пакажа час.
Адкуль возяць тавар буйныя сеткі сэканд-хенд? «Мода Макс» сцвярджае, што адзенне з Англіі. «Эканом Сіці» піша, што прадае «адзенне і абутак з Еўропы». Тое ж самае ў сетцы «Мегахэнд».
Сетка сталічных сэкандаў «Адзенне» сцвярджае на сайце: «Нашы пастаўшчыкі - гэта самыя буйныя фабрыкі перапрацоўкі адзення, сабранага у самых заможных краінах Еўропы - Нідэрландах, Нямеччыне, Вялікай Брытаніі, Італіі».
Партал Office Life, спасылаючыся на свае крыніцы ў рытэйле, піша, што ўвесь тавар сэканд-хэнд, які сёння ўвозяць у Беларусь, незалежна ад краіны паходжання ідзе праз Еўразвяз.
Да 1 кастрычніка ён яшчэ будзе паступаць, бо ёсць пераходны перыяд і захоўваюцца раней падпісаныя кантракты. Што будзе далей - невядома. Уласнікі бізнэсу будуць імкнуцца захаваць бізнэс, аднак гатовых стратэгій на гэты конт пакуль няма.
Паводле экспертных ацэнак, доля тавараў сэканд-хэнд у агульным аб'ёме спажывання адзення складае амаль 35%, піша БелТА. У раздроб іх прадавалі блізу 2,8 тысячы гандлёвых аб'ектаў, у тым ліку інтэрнэт-крамы. Белстат палічыў, што кожны год у Беларусь увозіцца сэканд на суму блізу $60-80 млн.