У Менску сутыкнуліся два трамваі
8- 16.08.2024, 10:19
- 7,850
Ёсць пацярпелыя.
Раніцай, 16 жніўня, на вуліцы Казлова ў Менску сутыкнуліся два трамваі, паведамілі ў ДАІ ГУУС Менгарвыканкама.
Аварыя адбылася паблізу дома №8. Паводле інфармацыі інспектараў, 41-гадовая жанчына за стырном трамвая рухалася па вуліцы Казлова. З яе слоў, праз адключэнне напружання на кантактнай сетцы адбылося спыненне руху трамвайнага маршруту, у выніку чаго яна ўчыніла наезд на трамвай, які спыніўся наперадзе.
У выніку ДТЗ некалькі пасажыраў атрымалі цялесныя пашкоджанні і былі дастаўленыя ў лякарню для абследавання.
Праз здарэнне адбылося спыненне руху трамваяў на маршрутах №1, 3, 4, 6, 11. Рух маршрутаў з боку Зялёнага Лугу арганізаваны да ДС «Возера», з боку ДС «Возера» да ДС «Зялёны Луг», з боку Серабранкі да РК Змітрака Бядулі, з боку Мяснікава да РК Змітрака Бядулі.
Таксама арганізаваны часовы аўтобусны маршрут №904 «РК З. Бядулі — ст. м. Плошча Якуба Коласа».