Маскву відаць, як на далоні: Украіна можа пакінуць РФ без абароны з неба
5- 16.08.2024, 12:26
- 8,442
Аперацыя ў Курскай вобласці ўзмацняе магчымасці ўкраінскай авіяцыі.
Украіна магутна развіваецца ў сферы нанясення ўдараў па тэрыторыі краіны-агрэсаркі. У ноч на 14 жніўня Сілы абароны Украіны атакавалі адразу 4 вайсковыя аэрадромы РФ. Гаворка ідзе пра «Халіна», «Балтымар», «Саваслейку» і «Барысаглебск».
Такімі тэмпамі неба над сталіцай РФ апынецца ў маштабнай небяспецы.
Пра гэта ў эфіры «Апострофа TV» распавёў Анатоль Храпчынскі, эксперт па авіяцыі, намеснік дырэктара кампаніі для вытворчасці сродкаў РЭБ.
«Украінскія ўдары па тэрыторыі Расеі становяцца не толькі больш далёкімі, але і значна больш магутнымі. Калі раней былі ўдары па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах, то зараз удары дронаў выводзяць са строю вайсковыя аэрадромы і цалкам руйнуюць склады з боепрыпасамі. І гэта вельмі добра, бо мы ўжо бачым вынік - памяншэнне ўжывання ворагам тых жа КАБаў. Але акрамя ўдараў дронамі, нам трэба больш працаваць ракетамі, бо гэта дазволіць нанесці больш магутныя ўдары па ўзлётна-пасадачных палосах і зробіць немагчымым іх выкарыстанне для авіяўдараў па Украіне.
«Варта заўважыць, што за 2,5 гады поўнамаштабнага ўварвання Украіна з дапамогай прыватных кампаній арганізавала магутную вытворчасць беспілотных сістэм, якія дазваляюць не толькі наносіць удары, але і праводзіць выведку ўглыб тэрыторыі супраціўніка - да 2,5 тысячы кіламетраў», - распавёў Храпчынскі.
Акрамя гэтага, эксперт даў свой каментар наконт удараў БПЛА ў ноч на 14 жніўня па аэрадроме «Саваслейка», адкуль узлятаюць носьбіты ракет «Кінжал».
«Насамрэч Украіна ўжо мае досвед знішчэння самалётаў МіГ на аэрадроме Бельбек у акупаваным Крыме, хоць тады не ўдакладнялася, ці былі гэта носьбіты ракет «Кінжал». Калі будзе пацверджанае траплянне па складзе з «Кінжаламі» на аэрадроме «Саваслейка», якія павінны былі там быць, гэта будзе вельмі пазітыўна для нас, бо гэта вельмі дарагія і рэдкія ракеты для РФ. Вядома, удары па самалётах РФ могуць прывесці да іх дэфіцыту, у Расеі не так шмат мадэрнізаваных пад «Кінжалы» самалётаў, у адваротным выпадку ім давядзецца перадыслакаваць самалёты з іншых кірункаў.
Уначы таксама быў нанесены ўдар па аэрадроме «Балтымар» - гэта асноўны аэрадром, адкуль наносяцца ўдары КАБ па Харкаўшчыне і Сумшчыне, таму гэта таксама будзе мець станоўчае значэнне для нас», - адзначыў Храпчынскі.
Аналізуючы атрыманыя вынікі курскай аперацыі, эксперт адзначыў, што Маскве варта прыгатавацца.
«Калі мы замацуемся на тэрыторыі Курскай вобласці, то гэта будзе мець значэнне для арганізацыі ворагам ракетных нападаў па тэрыторыі Украіны і ўдараў «шахедамі», бо з аэрадрома «Шчолкіна» пад Курскам расейцы запускаюць «шахеды» па Украіне. Таксама можна казаць пра аэрадром, на якім размешчаны полк супрацьпаветранай абароны з самалётаў Су-35 і Су-30, якія непасрэдна абараняюць Маскву. Кірунак руху Сіл абароны дазваляе ўдарыць нам па гэтым аэрадроме магутней і мы можам пакінуць частку Масквы і Маскоўскай вобласці без абароны з неба», - выказаў меркаванне эксперт.