Уварванне УСУ ў Расею: з'явіліся ўнікальныя падрабязнасці аб падрыхтоўцы і першых баях
2- 16.08.2024, 14:18
- 6,054
Аперацыя не толькі заспела РФ знянацку, але і шакавала многіх высокапастаўленых чыноўнікаў у Кіеве.
Украінскія воіны, якія ўдзельнічалі ў першай хвалі ўварвання ў Курскую вобласць РФ, распавялі, што не сустрэлі першапачатковага супраціву з боку сіл Пуціна, піша The Times.
Адзначаецца, што блізу 03:00 6 жніўня байцы УСУ перайшлі мяжу, і расейцы, якія ім трапіліся першымі, нават не спрабавалі даць адпор.
«Гэта былі ўсяго толькі дзеці…калі яны ўбачылі нас, яны неадкладна здаліся. Яны нават не спрабавалі даць адпор», - распавёў 38-гадовы вайсковы медык з Херсона з пяцігадовым баявым досведам Адам, які адзін з першых прарваўся ў Курскую вобласць.
Указваецца, што прайшлі тры дні пасля ўварвання, калі Адам і яго падраздзяленне сутыкнуліся з роўным супраціўленнем. Да гэтага моманту яны дасягнулі горада Суджы, і іх задачай было прайсці праз горад, метадычна зачышчаючы кожны жылы дом, каб пераканацца, што ўнутры не хаваюцца расейскія салдаты. Са слоў байцоў, працаваць стала нашмат складаней на другі дзень зачысткі.
«Тады мы зразумелі, што прыбыў іхны спецназ, і з тых часоў баі сталі нашмат цяжэйшымі», - распавёў Адам.
На трэці дзень яго групу акружылі з усіх бакоў, і, калі б не падмацаванне, якое прыбыло, баец, хутчэй за ўсё, не выжыў бы. Сёння ён аднаўляецца ў шпіталі Сумскай вобласці, атрымаўшы аскепкавыя раненні рук і цела. У параўнанні з некаторымі іншымі пацыентамі, Адам абышоўся лёгка. Ён прызнаецца, што ў ягоным падраздзяленні ўзрадаваліся, калі ім сказалі, што яны накіроўваюцца праз мяжу.
Адзначаецца, што за месяц да адпраўкі ў Курскую вобласць частку ўкраінскіх байцоў адправілі ў Англію, дзе яны прайшлі некалькі дзён навучання разам з брытанскімі жаўнерамі. Асноўным кірункам навучання былі рэйды на вышынныя будынкі.
Падрыхтоўка да штурму была ахутаная таямніцай. Гэта не толькі заспела Расею знянацку, але і стала шокам для многіх высокапастаўленых чыноўнікаў Міністэрства абароны ў Кіеве, піша The Times.
Сярод байцоў прызнаюць, што некаторыя задзейнічаныя ў аперацыі падраздзяленні былі перакінутыя да мяжы так хутка, што ў іх не было часу на падрыхтоўку. Таксама частку з падораных Захадам вінтовак неаднаразова закліноўвала, і не ставала медыцынскіх фургонаў для хуткай эвакуацыі.
Цяпер Украінскія сілы працягваюць прасоўвацца ў Курскай вобласці, і незразумела, як доўга яны маюць намер захоўваць свае пазіцыі на расеійскай зямлі, гаворыцца ў публікацыі.
Са слоў Адама, адной з агучаных ім мэт наступлення было парушэнне ліній забеспячэння з Белгарада да расейскіх пазіцый у Харкаве.