ГУР: Флот РФ у Крыме капітуляваў
1- 16.08.2024, 14:31
- 10,784
Дрон Magura V5 пашкодзіў 18 суднаў ворага.
За паўтара года ўдарны марскі робат украінскай вытворчасці Magura V5 пашкодзіў 18 суднаў Чарнаморскага флоту Расейскай Федэрацыі. Дэталі працы беспілотніка і планы па яго ўдасканаленні раскрыў камандзір спецпадраздзялення Галоўнай управы выведкі Мінабароны Украіны Group 13 з пазыўным «Трынаццаты» ў інтэрв'ю Deutsche Welle.
У сюжэце гаворыцца, што Magura V5 - гэта асноўная зброя спецпадраздзялення Group 13. Яго далёкасць складае больш за 800 кіламетраў, хуткасць - 80 км/г, а вага баявой часткі - 250 кілаграм. Паводле інфармацыі ГУР, з 9 з 18 атакаваных дронам расейскіх караблёў знішчаныя беззваротна.
«Фактычна Чарнаморскі флот РФ у Крыме капітуляваў. Усё самае сучаснае і самае неабходнае Расеі ўжо вывела з Севастопаля. Ён паралізаваны, гэты флот. Цяпер ён зжырае грошы з бюджэту РФ, хоць свае функцыі выконваць не можа», - адзначыў «Трынаццаты».
Камандзір спецпадраздзялення адзначыў, што ў ГУР не гналіся за павелічэннем баявой часткі, каб знішчыць судны адным ударам. Замест гэтага аператары атакавалі вялікія караблі ЧФ РФ пяццю і больш дронамі, наносячы ім крытычныя пашкоджанні. Радыёлакацыйным сістэмам РФ складана выявіць Magura V5 праз яго кампактны памер. Дронам Magura V5 атрымоўваецца падыходзіць вельмі блізка да ворага. Калі расейцы выяўляюць беспілотнік, у большасці выпадкаў для іх гэта ўжо позна.
Для барацьбы з марскімі беспілотнікамі расейцы абсталёўваюць свае судны кулямётамі і нават прыцягваюць авіяцыю. Са слоў афіцэра ГУР, гэта важнае дасягненне, бо частка варожай авіяцыі занятая патруляваннем Чорнага мора, а не выконвае недзе іншыя баявыя заданні. У планах ГУР удасканальваць запас ходу і аўтаномнасць дрона, а таксама аснасціць яго новым узбраеннем. Адпаведныя работы ўжо вядуцца.
«Усё, што ёсць у вашым уяўленні, гэта можна сюды ўсталяваць. Гэта займае некаторы час на пошукі інжынерных развязанняў, потым тэставанне і выпрабаванне ў рэальных баявых дзеяннях. Гэта значыць, калі мы бачым цяпер шасціметровы борт, нам нічога не перашкаджае зрабіць, калі будзе такая неабходнасць, 30-метровы борт», — падкрэсліў камандзір Group 13.
У ГУР распавялі аб працы дронаў Magura V5
Нагадаем, марскія дроны Magura V5 знішчылі пяты хуткасны катэр «Тунец» УС РФ, які базаваўся ў бухце ў часова акупаваным Крыме.
Каб да яго дабрацца, прылады спачатку абышлі лінію абароны з верталётаў, якія палявалі за імі ў адкрытым моры.