Дарадцу Шайгу, які заявіў аб «вайне з Антыхрыстам», звольнілі з Мінабароны РФ
5- 16.08.2024, 14:45
- 16,322
Гэта выклікала захапленне ў z-блогераў.
Паліттэхнолага Андрэя Ільніцкага звольнілі з Мінабароны РФ пасля адстаўкі Сяргея Шайгу, дарадцам якога ён быў амаль 10 гадоў, адказваючы за інфармацыйную палітыку ведамства.
Пра гэта паведаміў z-блогер Юры Падаляка. Ён абвінаваціў Ільніцкага ў некампетэнтнасці і назваў яго «пустапарожнім словаблудам».
«Я вельмі задаволены, што гэтае бескарыснае <…> «непаразуменне ў лампасах» перастане замінаць іншым працаваць. І вельмі добра, што ён больш не будзе «аўтарытэтна» дзяліцца сваімі «геніяльнымі» думкамі ў той галіне, у якой ён, на жаль, нічога не разумее», - напісаў Падаляка.
На яго думку, менавіта Ільніцкі вінаваты ў правале інфармацыйнай палітыкі Мінабароны. З Падалякам згодны і іншыя z-блогеры. Так, канал «Белорусский силовик» напісаў, што Ільніцкі быў адным з тых, «хто праспаў гэты кірунак у ведамстве». А паблік «Два майора» пазлараднічаў, што паліттэхнолаг «дараіўся», і прывёў фрагмент ягонага выступу, дзе той заклікае чытаць навіны раз на тыдзень.
«Калі ты хочаш разумець рэчы, нельга жыць навінамі і абвесткай сённяшняга дня. <…> Гэта называецца «ментальная гігіена». <…> Вы пражывіце тыдзень і ў канцы навіны глядзіце. Вы чытайце кнігі, слухайце перадачы пра стратэгію, чытайце аналітычныя артыкулы», - кажа на відэа Ільніцкі.
Дакладная дата ягонага звальнення невядомая. Тэлеграм-канал «МИГ России» сцвярджае, што гэта адбылося «праз пару тыдняў» пасля адстаўкі Шайгу. Пры гэтым дзяржагенцтвы працягвалі прадстаўляць паліттэхнолага як дарадцу Мінабароны. Напрыклад, яшчэ ўдзень, 15 жніўня, такую публікацыю выпусціў ТАСС, але потым выправіў допіс.
Ільніцкі нарадзіўся ў Львове ў 1959 годзе. Ён пазнаёміўся з Шайгу ў пачатку 2000-х і працаваў з ім з тых часоў, калі той быў губернатарам Маскоўскай вобласці. Характэрна, што Ільніцкі пачынаў палітычную кар'еру ў «Адкрытай Расіі» Міхаіла Хадаркоўскага. 20 гадоў таму ён хваліў ЗША, заяўляючы, што гэта «ўзрушаючая краіна з каласальнай энэргетыкай», «створаная людзьмі, якія вераць у Бога, але найперш у сябе». Аднак затым уступіў у «Адзіную Расію», зблізіўся з Шайгу і загаварыў аб «інфармацыйным супрацьстаянні з Захадам» і ролі Мінабароны ў ім, звярнула ўвагу «Медуза».
Пасля ўварвання ва Украіну Ільніцкі пачаў абвінавачваць Захад у выкарыстанні «ментальнага генацыду» і «тэхналогіі Антыхрыст» супраць Расеі. Ён сцвярджаў, што «глабальныя эліты» будуюць «свет татальнай безадказнасці» і рыхтуюць «праект новай веры для чалавецтва», дзе бога заменяць «папячыцелі» ў выглядзе міжнародных арганізацый. Ільніцкі заяўляў, што Расея вядзе вайну менавіта «супраць антыхрысціянскага Захаду» на тэрыторыі Украіны, «дзе сутыкнуліся Дабро са Злом».