Ад ксяндза-палітвязня Генрыха Акалатовіча патрабуюць выплаціць мільён еўраў
6- 16.08.2024, 15:34
- 8,140
Нібыта такую шкоду ён прычыніў дзяржаве.
Суд над ксяндзом Генрыхам Акалатовічам, пробашчам парафіі Святога Юзафа ў Валожыне і палітвязнем, будзе закрытым, піша сайт katolik.life.
Акалатовіча затрымалі ў лістападзе 2023-га і пасадзілі ў СІЗА КДБ. За кратамі ён ужо дзевяць месяцаў. Паводле абвінавачання ў здрадзе дзяржаве яму пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення. Вядома, што святар трымаецца, не падае духам.
Як даведаліся ад вернікаў супрацоўнікі katolik.life, Акалатовіча абвінавачваюць у тым, што ён нібыта перадаў камусьці нейкую сакрэтную інфармацыю. Шкоду, прычыненую яго дзеяннямі, ацэньваюць больш як на 3 мільёны рублёў (блізу 1 мільёна еўраў у эквіваленце). Вернікі мяркуюць, што ў лік спагнання ўключаць грошы, канфіскаваныя пры арышце ксяндза — яго ўласныя зберажэнні і ахвяраванні парафіі.
У апошні час ад Акалатовіча не прыходзілі лісты. Аднак вядома, што расследаванне справы сканчаецца, і суд можа быць прызначаны ўжо на верасень-кастрычнік.
Двух мясцовых жыхароў, затрыманых паводле справы ксяндза, ужо вызвалілі з-пад варты. Аднак яны не маюць права расказваць пра сутнасць справы.