NYT: «Манчэстэр Сіці» могуць пазбавіць 70–80 балаў
3- 16.08.2024, 19:09
- 10,486
Клуб можа вылецець з Ангельскай прэм'ер-лігі.
«Манчэстэр Сіці» можа быць пакараны здыманнем 70–80 балаў паводле вынікаў разбору наконт больш чым 100 фінансавых парушэнняў, у якіх Англійская прэм'ер-ліга (АПЛ) абвінаваціла клуб. Пра гэта New York Times заявіў адзін з кіраўнікоў клуба АПЛ, імя якога не раскрываецца.
«Калектыўнае меркаванне, якое я чуў, заключаецца ў тым, што адпаведнай санкцыяй павінна быць істотнае адніманне балаў – мы гаворым пра 70–80 – гарантуе "Манчэстэр Сіці" сезон у Чэмпіёншыпе (першай лізе. – Заўв.)», – сказаў суразмоўца выдання.
Яшчэ адзін з асноўных спартовых дзеячаў АПЛ выказаў меркаванне, што пакаранне будзе больш крэатыўным – балы могуць адымаць тры сезоны запар, што азначае, што шанцы клуба на траплянне ў Лігу чэмпіёнаў будуць сур'ёзна абмежаваныя.
Daily Mail раней паведамляла, што слуханні паводле справы «Манчэстэр Сіці» чакаюцца восенню 2024 года, а вердыкт – вясной 2025-га.
АПЛ у пачатку 2023 года паведаміла, што ў выніку распачатага ў 2018-м расследавання выявіла больш за сотню парушэнняў у клуба, пасля таго як яго набыла City Football Group у 2008-м. Прэтэнзіі лігі датычацца падачы недакладнай фінансавай інфармацыі, адмовы ад супрацоўніцтва з расследаваннем, няпоўнага раскрыцця ўзнагароджання трэнераў у 2009-2013 гадах, калі каманду ўзначальваў Раберта Манчыні, і невыканання правілаў fair play і фінансавай устойлівасці ў 2013–2018-м. «Манчэстэр Сіці» ўсе абвінавачванні адпрэчваў.