14 кастрычнiка 2024, панядзелак, 20:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У рэгіёнаў РФ не аказалася грошай на абяцаныя Пуціным выплаты за адпраўку на вайну

24
У рэгіёнаў РФ не аказалася грошай на абяцаныя Пуціным выплаты за адпраўку на вайну

Губернатары просяць Крэмль пра фінансавую дапамогу ў выглядзе новых субсідый з федэральнага бюджэту.

Патрабаванне Уладзіміра Пуціна рэзка павялічыць выплаты кантрактнікам, якія скіроўваюцца на вайну, аказалася не на кішэню расейскім рэгіёнам.

Шэраг суб'ектаў РФ не можа знайсці грошы на выкананне даручэння Пуціна, які запатрабаваў, каб разавыя «бонусы» былі павялічаныя да 400 тысячаў рублёў, паведамляе Bloomberg са спасылкай на знаёмага з сітуацыяй чыноўніка. Паводле ягоных словаў, губернатары просяць Крэмль аб фінансавай дапамозе ў выглядзе новых субсідый з федэральнага бюджэту, паколькі сабраць сродкі ўнутры свае рэгіёну яны не ў стане.

Пуцін 31 ліпеня падпісаў указ аб павелічэнні ўдвая федэральнай выплаты за адпраўку на вайну – з 195 да 400 тысячаў рублёў. Тым жа ўказам ён «рэкамендаваў» рэгіёнам плаціць новым кантрактнікам столькі ж. Аднак выканаць даручэнне прэзідэнта змаглі толькі 27 суб'ектаў РФ, адзначае «Бі-бі-сі». У 10 рэгіёнах выплаты застаюцца істотна ніжэйшымі за патрабаваныя, часам – у разы: так, напрыклад, Хакасія плаціць толькі 50 тысячаў рублёў, Архангельская вобласць – 100 тысячаў.

Рэкордныя разавыя выплаты памерам 1,9 млн рублёў, або $22 тысячы, прапануе Масква, якой, як заявіў мэр Сяргей Сабянін, да канца года трэба знайсці 23 тысячы ахвотных выправіцца на вайну.

У памеры сумарных гадавых выплатаў за Масквой (5,4 млн рублёў) ідуць Ленінградская вобласць (4,6 млн), Санкт-Пецярбург (4,6 млн), Карачаева-Чаркесія (4,5 млн), Маскоўская вобласць (4,4 млн), Кабардзіна-Балкарыя (4,4 млн) і ХМАА (4,4 млн).

Паводле вынікаў першага паўгоддзя кожны трэці расейскі рэгіён сутыкнуўся з падзеннем прыбыткаў мясцовага бюджэту, а кожны чацвёрты скарачаў выдаткі, вынікае з звестак агенцтва «Эксперт РА». І хоць у цэлым рэгіянальныя бюджэты закрылі студзень – чэрвень з прафіцытам 758 млрд рублёў, у кожным сёмым суб'екце РФ скарацілася прамысловая вытворчасць, у кожным пятым – упалі інвестыцыі, у кожным трэцім – аселі рэальныя прыбыткі насельніцтва, кожны другі сутыкнуўся з падзеннем будаўніцтва.

Цяпер рэгіёны недабіраюць прыкладна трэць ад плану вярбоўкі на вайну, які ім спусцілі з федэральнага цэнтра, сцвярджае крыніца Bloomberg. Паводле яе словаў, войску трэба блізу 30 тысячаў чалавек за месяц, каб папаўняць франтавыя страты, якія, паводле заходніх ацэнак, перавысілі 500 тысячаў чалавек забітымі і параненымі.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках