Лукашэнка падпісаў указ, які тычыцца натарыятаў і натарыяльнай дзейнасці
6- 16.08.2024, 20:02
- 15,810
Што зменіцца.
Аляксандр Лукашэнка 16 жніўня падпісаў указ, які датычыцца натарыятаў і натарыяльнай дзейнасці. Змяненні датычацца спагнання запазычанасці ва ўнёсках у ФСАН, лізінгавых дамовах і аплаце праезду цяжкавагавых транспартных сродкаў, паведамілі ў ягонай прэс-службе.
Лукашэнка падпісаў указ аб зменах у тры раней прынятыя ўказы, якія належала прывесці ў адпаведнасць з абноўленым законам ад 5 студзеня 2024 года «Аб змене Закона Рэспублікі Беларусь «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці».
Так, змяненне ва Указ № 40 ад 16 студзеня 2009 года «Аб Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны» прадугледжвае магчымасць бясспрэчнага спагнання ў бюджэт фонду ўсіх нядоімак (напрыклад, недаплатаў, выяўленых пры праверцы правільнасці выплаты ўнёскаў), а не толькі запазычанасці ў абавязковых унёсках.
Папраўкі таксама ўнесеныя ва Указ № 99 ад 25 лютага 2014 года «Аб пытаннях рэгулявання лізінгавай дзейнасці». Згодна з імі выключаецца норма, якая прадугледжвае магчымасць спагнання запазычанасці, якая ўзнікае ў дамове фінансавай арэнды (лізінгу), на падставе выканаўчага надпісу натарыуса. Гэтыя пытанні ўрэгуляваныя законам аб натарыяце.
Змяненні датычацца таксама Указа № 239 ад 19 чэрвеня 2019 года «Аб праездзе цяжкавагавых і (або) буйнагабарытных транспартных сродкаў». Абноўленым законам аб натарыяце ўпершыню вызначаецца магчымасць спагнання на падставе выканаўчага надпісу натарыуса платы за праезд па дарогах агульнага карыстання з выкарыстаннем павышальнага каэфіцыента.
Акрамя таго, вызначаецца парадак афармлення дакументаў у выпадку парушэння правілаў праезду, а таксама прад'яўлення такіх дакументаў уладальнікам транспартных сродкаў для добраахвотнага ўнясення платы ў пэўны тэрмін і спагнання яе на падставе выканаўчага надпісу натарыуса, калі яе не ўнеслі добраахвотна.
Нагадаем, абноўлены закон аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці быў прыняты 5 студзеня 2024 года. Ён пачаў дзеянне з 11 ліпеня.
Цяпер натарыусы могуць здзяйсняць некаторыя дзеянні дыстанцыйна, гэта значыць без непасрэднага асабістага звароту кліента. Гэта датычыцца 11 натарыяльных дзеянняў. Сярод іх:
выдача пасведчанняў аб праве на спадчыну, аб праве ўласнасці на дзелі ў маёмасці, нажытай мужам і жонкай у перыяд шлюбу, аб пасведчанні паўнамоцтваў выканаўцы тастаменту;
здзяйсненне выканаўчых надпісаў;
сведчанне дакладнасці перакладу дакументаў з адной мовы на іншую.