У гаражы ў беларуса знайшлі авіябомбу
7- 16.08.2024, 21:53
- 9,084
Ён хацеў здаць яе на металалом.
У гаражным кааператыве ў горадзе Бярозаўцы знойдзеная авіябомба. Пра гэта піша афіцыйны Telegram-канал УУС Гарадзенскага аблвыканкама.
«Старшыня [гаражнага кааператыву. – Заўвага] заўважыў, што ў адным з боксаў адчыненыя дзверы. Ён зазірнуў праверыць, ці ўсё добра. Агледзеўшыся, знайшоў падазроны прадмет. Высветлілася, гэта практычная авіяцыйная бомба», – паведамляюць мясцовыя праваахоўнікі.
Паводле інфармацыі міліцыі, гаражом карыстаецца 38-гадовы мясцовы жыхар.
«Ён патлумачыў, што блізу года таму знайшоў гэты прадмет на вуліцы ля кааператыву. Забраў сабе, каб пазней здаць на металалом», – гаворыцца ў заяве праваахоўнікаў.
Для абясшкоджвання небяспечнай знаходкі на месца прыбыла сапёрна-піратэхнічная група, якая вызначыла, што гэтая бомба – навучальная.
«Унутры яе быў пясок, а выбухоўнікам быў аналаг “вялікай петарды”. Небяспечны прадмет быў знішчаны», – канстатуюць праваахоўнікі.