Гурт «Aerosmith» раптоўна абвясціў, што больш не будзе гастраляваць
18- 3.08.2024, 14:36
- 7,136
Музыкі назвалі прычыну такой пастановы.
Легендарны гурт «Aerosmith» абвясціў аб заканчэнні сваёй гастрольнай дзейнасці.
Гэтую навіну напісалі музыкі на сваёй старонцы ў Instagram.
Прычынай такой пастановы стала тое, што 76-гадовы саліст Стывен Тайлер не змог цалкам аднавіцца пасля траўмы галасавых звязак.
«Голас Стывена - гэта ўнікальны інструмент. Цягам некалькіх месяцаў ён нястомна спрабаваў вярнуць свой голас у стан, у якім ён быў да траўмы. Мы бачылі, як ён змагаецца, нягледзячы на тое, што побач з ім найлепшыя лекары. На жаль, зразумела, што поўнае акрыянне пасля траўмы голасу немагчымае. Мы прынялі цяжкую, але неабходную пастанову - як гурт братоў - сысці з гастрольнай сцэны», - напісалі музыкі.
Яны таксама падзякавалі ўсім прыхільнікам, якія хацелі прыйсці на іх канцэрты. А грошы за квіткі, якія ўжо паспелі набыць, аўтаматычна вернуцца ўсім гледачам.
Гурт «Aerosmith» быў створаны ў 1970 годзе ў Бостане. Праз тры гады выйшаў іх дэбютны аднайменны дыск. За 40-гадовую гісторыю вядомага калектыву было выпушчана 14 студыйных альбомаў. Іх агульны тыраж перавысіў 150 мільёнаў копій. Цікава, што з 1975 да 2001 года больш за два дзесяткі кампазіцый гурта трапілі ў хіт-парад Billboard Hot 100.
Самымі вядомымі хітамі «Aerosmith» з'яўляюцца песні «Crazy», «Angel», «I Don't Want To Miss A Thing» і многія іншыя.