Румынія плануе супольна з Украінай распрацоўваць ракеты «Нептун»
- 3.08.2024, 14:44
- 2,656
Пасля мадэрнізацыі яны змогуць знішчаць цэлі на адлегласці да тысячы кіламетраў.
Румынія, паводле прыкладу іншых еўрапейскіх краін, плануе развіваць узбраенне ў супрацоўніцтве з Украінай, прынамсі, у распрацоўцы айчынных супрацькарабельных ракет Р-360 «Нептун».
Аб гэтым паведамляе выданне Army Recognition.
Адзначаецца, што аб тым, што ўкраінская абаронная прамысловасць працуе над мадэрнізацыяй Р-360, стала вядома яшчэ ў красавіку 2023 года, хаця канчатковыя вынікі гэтых намаганняў застаюцца нявызначанымі.
Планы румынска-ўкраінскага вайскова-прамысловага партнёрства разлічаныя на пасляваенны перыяд.
Для Румыніі цікавасць у гэтай распрацоўцы палягае ў супольным з Украінай кантролі прыбярэжных вод Чорнага мора. Адзначаецца, што зараз Украіна працуе над мадэрнізацыяй гэтых ракет, каб тыя маглі знішчаць цэлі на адлегласці да тысячы кіламетраў.