AP: Гарыс правядзе сумоўі з шасцю кандыдатамі на пасаду віцэ-прэзідэнта ЗША
- 3.08.2024, 18:16
- 3,448
Пасля гэтага яна пачне турнэ па сямі ключавых амерыканскіх штатах.
Кандыдатка на пасаду прэзідэнта ЗША Камала Гарыс у гэтыя выходныя правядзе сумоўі з шасцю кандыдатамі на пасаду віцэ-прэзідэнта.
Пра гэта агенцтву AP расказалі крыніцы, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Паводле словаў двух людзей, знаёмых з працэсам адбору Гарыс, у яе спіс кандыдатаў увайшлі губернатары Кентукі Эндзі Бешыр, Ілінойса Джэй Б. Прыцкер, Пенсільваніі Джош Шапіра і Цім Волц з Мінесоты, а таксама сенатар Марк Кэлі з Арызоны і міністр транспарту Піт Бутыджэдж.
Шапіра і Кэлі называліся аднымі з галоўных прэтэндэнтаў падчас працэсу адбору.
Агенцтва адзначае, што крайні тэрмін для выбару партнёра кампаніі – аўторак, калі Гарыс пачне турнэ па сямі ключавых штатах, пачынаючы з Філадэльфіі, што ў штаце Пенсільванія.
Прэзідэнт Джо Байдэн заявіў журналістам у пятніцу, што ён гаварыў з Гарыс пра пошукі кандыдата ў віцэ-прэзідэнты, але калі яго спыталі, ці ёсць у яго парады датычна якасцяў, якія яна павінна шукаць у кандыдату, прэзідэнт публічна ўхіліўся ад адказу.
– Я дазволю ёй самой з гэтым разабрацца, – сказаў Байдэн.