Сіноптык: Лета ўваходзіць у новую фазу
- 3.08.2024, 20:53
- 7,740
На наступным тыдні надвор'е ў Беларусі будзе пад уплывам атмасферных франтоў.
Сіноптык Дзмітры Рабаў папярэдзіў пра ліўні і пачатак эканомнага лета ў Беларусі на тыдні 5–11 жніўня.
Рабаў адзначыў, што лета-2024 уваходзіць у новую фазу, якую можна ахарактарызаваць як сціплую, спакойную і эканомную. З аднаго боку, надвор'е будзе камфортнае за кошт прыемнай жнівеньскай тэмпературы ў раёне кліматычнай нормы. З іншага ж, у пачатку тыдня ўжо можна чакаць няхай кароткачасовыя і мазаічныя, але залевы і навальніцы.
Менавіта ў гэты перыяд, у пачатку тыдня з 5 да 11 жніўня, надвор'е ў Беларусі будзе пад уплывам атмасферных франтоў і вільготнага паветра з Балтыкі. Пры ягоным руху з паўночнага захаду мы атрымаем дажджы рознай інтэнсіўнасці і тыя самыя навальніцы.
– Начамі паветра астыне да +10… +16 градусаў, у дзённыя гадзіны ў панядзелак ад +18 па захадзе да +26 па паўднёвым усходзе, у аўторак +21… +26, – адзначыў Рабаў.
Антыцыклон з цэнтрам над Польшчай паўплывае на надвор'е ў Беларусі да сярэдзіны тыдня. За кошт гэтага дажджы адыдуць на ўсход, і менавіта ў гэтых раёнах застанецца падвышаная верагоднасць кароткачасовых дажджоў і, магчыма, навальніцаў.
– Тэмпература ноччу +10… +16 градусаў. Днём у сераду 21–27, – сказаў тэлесіноптык.
Гаворачы пра папярэдні прагноз на пачатак другой паловы тыдня з 5 да 11 жніўня, Дзмітры Рабаў адзначыў прыход шырокага антыцыклону з захаду Еўропы: няхай і з пераменнай воблачнасцю, але, у асноўным, без дажджоў.
– Вецер заходняй чвэрці, сярэдні. Уначы +13… +18 градусаў. Днём у чацвер і ў пятніцу 23–29, – кажа Рабаў.
Той самы антыцыклон захавае свой уплыў і на выходных, 10 і 11 жніўня. Што да тэмпературы паветра, то яна будзе такой:
– Уначы +13… +17 градусаў, у сярэдзіне дня ў суботу +20… +26, у нядзелю ад +20 у Віцебску да +27 у Берасці.