10 верасня 2024, aўторак, 1:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ISW: Расея спалохалася ціску ЗША і Саудаўскай Аравіі

4
ISW: Расея спалохалася ціску ЗША і Саудаўскай Аравіі

План Крамля выкрылі.

Крэмль планаваў перадаць няўказаныя ракеты і іншае ваеннае абсталяванне хусітам у Емене, але не зрабіў гэтага пад дыпламатычным ціскам. Аднак выкрыты план Расеі падкрэслівае яе ваеннае партнёрства з Іранам, якое расце, і мяркуе, што яна, верагодна, імкнецца выкарыстоўваць падтрыманых Тэгеранам баевікоў для ўскоснага супрацьстаяння Захаду.

Гатоўнасць жа расейскага дыктатара Пуціна разгледзець магчымасць падтрымкі хусітаў, калі яны атакуюць Ізраіль і міжнароднае суднаходства, з'яўляецца часткай расейска-іранскага вайсковага супрацоўніцтва. Як і рост залежнасці краіны-агрэсаркі ад Ірана ў плане атрымання ўзбраенняў для вядзення вайны супраць Украіны, кажуць у Інстытуце вывучэння вайны (Institute for the Study of War, ISW).

Паводле звестак CNN, афіцыйныя асобы ЗША і іншыя крыніцы, знаёмыя з гэтым пытаннем, заявілі, што Расея рыхтавалася перадаць няўказаныя ракеты і іншае ваеннае абсталяванне еменскім хусітам у канцы ліпеня 2024 года. Аднак яна адмовілася ад гэтага плана пасля дыпламатычных крокаў з боку ЗША і Саудаўскай Аравіі. У той самы час крыніцы не ўпэўненыя, ці быў «пратэст» Саудаўскай Аравіі вызначальным чыннікам для спынення запланаванай перадачы ўзбраення.

Адзначаецца, што прынамсі тры расейскія вайсковыя чыноўнікі скіраваліся ў Емен у канцы ліпеня 2024 года, каб кансультаваць хусітаў і, магчыма, дапамагаць ім у вучэннях з баявой стральбой, якія тыя пазней скасавалі.

Паводле паведамленняў, афіцыйныя асобы ЗША паказалі, што Расея разглядала ўзбраенне і кансультаванне хусітаў як захад у адказ за зняцце некаторых амерыканскіх абмежаванняў на выкарыстанне Украінай заходняй зброі для ўдараў па тэрыторыі РФ.

Пуцін у пачатку ліпеня пагражаў, нібыта перадасць няўказаным суб'ектам магчымасці для нанясення ўдараў вялікай далёкасці па Захадзе ў якасці «сіметрычнага адказу» на зняцце некаторых з гэтых абмежаванняў.

«Паведамленыя планы Расеі ў падтрымцы хусітаў з мэтай ускоснага супрацьстаяння Захаду і пагрозы далейшай эскалацыі стасуюцца з некалькімі інфармацыйнымі і гібрыднымі аперацыямі Расеі, накіраванымі на тое, каб заахвоціць Захад устрымацца ад падтрымкі Украіны праз асцярогі канфрантацыі з РФ», – мяркуюць у ISW.

Там падкрэслілі, што партнёрства Расеі з Іранам, якое паглыбляецца, верагодна, заахвоціць яе разгледзець магчымасць падтрымкі іншых іранскіх давераных асобаў і выкарыстання гэтых групаў у чарговых ускосных спробах пагражаць Захаду эскалацыяй. Пры гэтым аналітыкі адзначаюць, што такая стратэгія Крамля парушыць ягоныя спробы паказаць расейскую знешнюю палітыку на Блізкім Усходзе як «збалансаваную» і можа яшчэ больш ускладніць стасункі РФ з краінамі, занепакоенымі расейска-іранскім супрацоўніцтвам.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках