16 верасня 2024, панядзелак, 18:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У Ліване нас прынялі за шпіёнаў, а ў Кеніі мы сустрэліся вочы ў вочы з насарогам»

6
«У Ліване нас прынялі за шпіёнаў, а ў Кеніі мы сустрэліся вочы ў вочы з насарогам»

Пара з Гародні праехала на пазадарожніках больш за 50 краінаў свету.

Таю і Мікіту з Гародні можна смела называць адчайнымі авантурыстамі. Усё пачалося з таго, што пасля прылёту ў розныя краіны яны сталі браць аўтамабілі ў арэнду і прадаўжалі падарожжа на іх. За апошнія 10 гадоў вандровак з імі здаралася ўсякае. Яны начавалі ў логаве насарога, стаялі з паднятымі рукамі перад стрэльбамі «рэйнджараў», вызвалялі свае пашпарты ў прадстаўнікоў Хезбалы ў Ліване, знаходзілі агульную мову з плямёнамі хімба і масаямі ў Афрыцы, і нават частавалі вячэрай памежнікаў на мяжы з Конга.

Трэба адзначыць, што героі артыкула на сайце autogrodno.by ніколі не звярталіся да паслуг турыстычных агенцтваў. Прадумвалі свой маршрут (Мікіта прафесійны лагіст) і рушылі насустрач прыгодам.

– Падарожжы – гэта наша хобі, запал, неад'емная частка жыцця. Асабліва нас вабіў фармат самастойных аўтападарожжаў. Мы прылятаем у краіну, бярэм напракат аўтамабіль, спецыяльна абсталяваны, і едзем па сваім маршруце. За плячыма падарожжы па Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёвай Афрыцы. На арандаваным пазадарожніку прайшлі шлях амаль 9000 км і праехалі Уганду, Кенію, Танзанію і Руанду. Мы падарожнічалі на арандаваным аўто, абсталяваным для дзікага кэмпінгу і начавання ў саване – з намётам на даху і іншым абсталяваннем для падарожжаў, – кажуць маладыя людзі.

Самае страшнае начаванне ў жыцці

– У Кеніі здарылася самае страшнае начаванне ў жыцці. Мы спыніліся на тэрыторыі Нацыянальнага парку, уладкаваліся адпачываць, загасілі святло фараў. Раптам пачуліся немыя крыкі звера, ён хадзіў вакол машыны. Так прадаўжалася ўсю ноч, а на раніцу мы сустрэліся вочы ў вочы з насарогам. На шчасце, усё абышлося, – успамінаюць гарадзенцы.

«Нас прынялі за шпіёнаў»

– На арандаваным аўто падарожнічалі і па Мексіцы, што таксама было не заўсёды бяспечна. А ў Ліване патрапілі ў рукі ваенізаванай арганізацыі Хезбала. Я фатаграфавала мясцовыя вулачкі і крамкі ў раёне, які цалкам знаходзіцца пад кантролем гэтай арганізацыі. Нас прынялі за шпіёнаў. Правялі некалькі гадзінаў на допытах, але змаглі пераканаць, што мы бяскрыўдныя вандроўнікі. У такія гісторыі не заўсёды вераць нават родныя, але здаралася з намі ўсякага, – успамінаюць самыя яркія падзеі сужэнцы.

У 2020 годзе грымнуў ковід, Тая і Мікіта з Гародні сталі моцна абмежаваныя ў падарожжах. Засумавалі. Але спазнаўшы хараство качавога жыцця ў краінах Афрыкі на арандаваным пікапе, муж і жонка наважыліся набыць Toyota Hilux у Беларусі.

Toyota Hilux 2012 года выпуску быў у добрым стане. Гарадзенцы пачалі абсталяваць аўто пад свае патрэбы. Атрымаўся экспедыцыйны пікап!

– Мы ўмацавалі падвеску, усталявалі пярэднія сілавыя бамперы, каб больш упэўнена прадзірацца праз зарослыя офроўд месцы. Многае для аўтамабіля мы канструявалі самастойна. Напрыклад, базу пад намёт на даху. Усталявалі кунг і ўмацавалі яго металічнай канструкцыяй знутры. Адрэстаўравалі сядзенні і пакрылі аўтамабіль матавым ахоўным пакрыццём-раптарам. У гэтай машыне ёсць усё для жыцця, начавання і нават для прыняцця душа. І падчас падарожжаў на ім практычна не звяртаемся да паслуг гатэляў ці кемпінгаў, – расказвае Мікіта.

Для пачатку маладыя людзі сталі выпрабоўваць аўтамабіль у падарожжах па Беларусі, шмат ездзілі па малапраходных лясах, бездаражы, у працэсе ўвесь час дапрацоўвалі і даасталёўвалі пікап. А крыху пазней наважыліся на больш далёкія самастойныя падарожжы.

У Турцыю праз Еўропу (12 000 км)

Напрыклад, пазамінулым летам муж і жонка скіраваліся праз Еўропу ў Турцыю і праехалі ўсю краіну з Захаду на Усход. Агулам пераадолелі шлях амаль 12 000 км. Увесь гэты час начавалі ў машыне, а для начавання выбіралі прыгожыя і незвычайныя месцы, часта ўдалечыні ад цывілізацыі. Гэта магла быць і высокая гара, і пячора, і незвычайнай прыгажосці бязлюдны пляж. З пабудовай маршруту, выбарам месцаў для начавання і наведванняў дапамагаюць звесткі спадарожніка, і афлайн мапы.

Летась гарадзенцы здзейснілі падарожжа на сваім пікапе на Сіцылію, перапраўляючыся на востраў на пароме. Агулам праехалі 8000 км.

Гародня – Францыя – Партугалія (10 000 км)

Было і падарожжа ў Партугалію на 10 000 км. Адначасна ў падарожжах спыняюцца агледзець гарады, пазнаёміцца з мясцовай кухняй і культурай, а часам і паўдзельнічаць у зусім незвычайных мерапрыемствах. Напрыклад, па дарозе ў Партугалію муж і жонка заехалі ў Эльзас (Францыя), каб прабегчы вінны паўмарафон.

– Нам не цікавыя стандартныя турыстычныя маршруты, мы прагныя да новых прыгожых відаў, любім прыгоды і цяжкасці, імкнемся ўзяць ад падарожжаў максімум самых розных эмоцый, уражанняў і, вядома, праверыць сябе на трываласць. Наша асноўная мэта ў паездках – змяніць абстаноўку, пазнаёміцца з новай культурай, убачыць, які свет велізарны і бязмежны, атрымаць новы жыццёвы досвед. Часам мы наведваем краіны, дзе ёсць сацыяльная і палітычная напружанасць, чаму нашыя падарожжы не заўсёды бяспечныя. Але ж у гэтым і ёсць жыццё! Мы хочам яго бачыць і адчуваць. Кожнае падарожжа робіць нас багацейшымі і прымушае па-іншаму паглядзець на родную Беларусь, – дзеляцца муж і жонка.

Такія паездкі сужэнцы паспяваюць здзейсніць у рамках адпачынку. Абое працуюць і ўсе падарожжы старанна плануюць. Напрыклад, паездкі ў Партугалію і Сіцылію занялі 3 тыдні, па Турцыі муж і жонка падарожнічалі 21 дзень. Дзяцей у Таі і Мікіты няма. Ёсць сабака, тры каты, змяя, павук і рыба, якія застаюцца ў бацькоў на час іх вандраванняў.

Калі-небудзь муж і жонка плануюць ажыццявіць сваю галоўную мару – праехаць на Toyota Hilux ад Нордкапа да Кейптаўна: ад самага паўночнага пункта Еўропы да крайняга паўднёвага пункта Афрыкі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках