У Ізраілі нападнік з нажом учыніў тэракт на вуліцы
- 4.08.2024, 13:09
- 9,250
Ёсць ахвяры і параненыя.
У ізраільскім горадзе Халон 4 жніўня мужчына з нажом учыніў серыю нападаў, забіўшы двух і параніўшы яшчэ двух чалавек. Інцыдэнты адбыліся ў трох розных месцах, якія знаходзяцца прыкладна за 400 метраў адзін ад аднаго.
Праваахоўнікі нейтралізавалі тэрарыста, ідэнтыфікаваўшы яго як палестынца-нелегала. Таксама быў затрыманы ягоны суўдзельнік, паведамляе выданне The Times of Israel.
Адзначаецца, што мужчына напаў на людзей у раёне парку і дзіцячай пляцоўкі. Ад нажавых раненняў на месцы памерла жанчына блізу 70 гадоў.
Трох пацярпелых адвезлі ў найбліжэйшы медыцынскі цэнтр Wolfson: мужчыну ва ўзросце 70 гадоў у крытычным стане, 68-гадовага – у цяжкім, 26-гадовага – у стане сярэдняй ступені цяжкасці. Пазней у лякарні была канстатаваная смерць першага – мужа забітай пажылой жанчыны.
Паводле звестак паліцыі, тэрарыста застрэліў афіцэр, які прыбыў на месца здарэння. Праваахоўнікі адзначылі, што праглядаюць тэрыторыю на прадмет магчымых дадатковых падазраваных, якія маюць дачыненне да нападу.
Пазней СМІ паведамілі і пра затрыманне суўдзельніка нападніка. Таксама вызначана, што мірных грамадзянаў забіў 34-гадовы палестынец Амар Адэх з горада Сальфіт на Заходнім беразе.
«У яго не было дазволу на ўезд у Ізраіль, і ён не здзяйсняў раней правапарушэнняў, звязаных з бяспекай», – пішуць ізраільскія выданні са спасылкай на крыніцы.