Эксперты: У Беларусі цікае «інфляцыйная бомба»
11- 4.08.2024, 14:00
- 18,540
У некаторых месцах ужо «прарывае».
Інфляцыя ў Беларусі хоць і паскараецца, але яшчэ не выйшла за рамкі ўрадавага прагнозу 6%. Адзіная прычына, чаму кошты праяўляюць такую стрыманасць – татальны кантроль з боку ўладаў, піша «Беларусы і рынак».
Як мяркуюць эксперты BEROC, разрыў паміж рэгуляванымі і нерэгуляванымі коштамі паказвае на патэнцыйны ўзровень інфляцыі.
У другім квартале інфляцыя ў Беларусі паскорылася з 5,5 адсотка да 5,8 адсотка. Галоўная заслуга ў паскарэнні інфляцыі належыць коштам прадуктаў харчавання. За другі квартал прадукты падаражэлі на 8,1%, пасля таго як у першым квартале рост коштаў склаў 5,6%.
Зрабіла свой унёсак і падаражанне бензіну, кошты якога ўладам давялося павысіць таму, што памер нафтавай прэміі сёлета моцна знізіўся.
Але ўлады былі напагатове. З пачатку года коштавае рэгуляванне меншым не стала, а стала зусім наадварот. Паколькі кошты ціснуць, рэгуляваць іх даводзіцца больш і часцей.
«МАРГ ужо традыцыйна кожны год распрацоўвае тарыфны сшытак – гэта планавае павышэнне коштаў і тарыфаў – і строга яго прытрымліваецца, што дазваляе нам таксама кантраляваць рост коштаў», – сказаў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў.
Паводле адзнакі BEROC, рэгуляванне коштаў было галоўным і амаль адзіным чыннікам, які стрымліваў інфляцыю. Бо ўсе астатнія чыннікі складаліся не на карысць беларускай коштавай стабільнасці. На кошты ціск расце і знутры, і звонку.
Паводле вынікаў першага квартала, інфляцыя ў Расеі, на якую прыпадае дзве трэці беларускага знешняга гандлю, наблізілася да 9 адсоткаў.
«У выніку адрозненне ў коштах на гандляваныя тавары ў Расеі і Беларусі зноў пачало пашырацца. Гэта нясе падвышэнне рызыкі для інфляцыі на беларускім рынку», – гаворыцца ў даследаванні BEROC.
Але расейская інфляцыя на беларускія кошты ўплывае са спазненнем. Вынікі цяперашняга росту коштаў у Расеі Беларусь адчуе да канца трэцяга квартала. Таму важней тое, што адбываецца ўнутры.
А ўнутры ўлады прадаўжалі напампоўваць вытворчасць і разганяць унутраны попыт. Паводле ацэнкі BEROC, у другім квартале ўнутраны попыт мог перавысіць сярэднія ўзроўні 2021 года ўжо на 18%. Галоўная прычына – дэфіцыт працоўнай сілы, які, насуперак заспакаяльным прагнозам, нават не думае зніжацца.
Колькасць свабодных вакансій рэгулярна ставіць новыя рэкорды. Колькасць звольненых перавышае колькасць найманых на працу. Пры гэтым узровень беспрацоўя абнавіў шматгадовы мінімум і апусціўся да 3 адсоткаў. Цяпер беспрацоўных у краіне менш за свабодныя вакансіі.
«Праблема дэфіцыту супрацоўнікаў заставалася вострай, што змушала працадаўцаў ахвяраваць часткай прыбытку на карысць супрацоўнікаў», – гаворыцца ў даследаванні.
Гэта значыць, заробкі вымушаныя падвышаць нават тыя, хто не можа сабе гэтага дазволіць. За пяць месяцаў гэтага года сабекошт прадукцыі ў Беларусі вырас амаль на 18%.
«Перанос выраслых затратаў у адпускныя кошты стрымліваецца коштавым кантролем, але за кошт негатыўнага ўплыву на рэнтабельнасць фірмаў і назапашванне інфляцыйнага навесу», – мяркуюць эксперты BEROC.
Але ёсць у Беларусі кошты, якія даюць уяўленне пра рэальнае становішча справаў. Таму што не ўсе кошты рэгулююцца аднолькава, а некаторыя не рэгулююцца ўвогуле. І вось кошты, якія не рэгулююцца ці рэгулююцца слаба, паводле вынікаў другога квартала выраслі на 8%. Пры гэтым кошты многіх паслуг увогуле выраслі на двухзначныя велічыні. І, відаць, вось гэты рост якраз і адлюстроўвае схаваны патэнцыял беларускай інфляцыі.
«Без уліку ўнёску жорсткага коштавага кантролю гадавая інфляцыя ў чэрвені 2024 г. знаходзілася б у дыяпазоне 10–11%, а не блізу 6%», – гаворыцца ў даследаванні BEROC.