У Польшчы пашыраць забарону на перавозкі для кампаній, якія базуюцца ў Беларусі
- 4.08.2024, 18:48
- 10,040
Уводзіцца новы тып кантролю.
У Польшчы пашыраць забарону на перавозкі для кампаній, якія базуюцца ў Беларусі. У краіне ўводзіцца новы тып кантролю ў транспартнай галіне ЕЗ. Аб гэтым піша logist.today.
Як тлумачыць Падатковая інспекцыя Беластока, структуру ўласнасці канкрэтнай транспартнай кампаніі будуць аналізаваць падчас дарожна-транспартных праверак усе ўпаўнаважаныя органы. У тым ліку гэта будуць рабіць супрацоўнікі мытнай і падаткавай службы.
Таму прадпрымальнікам, занятым у перавозках, давядзецца падаваць дакументы, якія пацвярджаюць структуру ўласнасці пры транспартаванні грузаў.
Паводле правілаў, якія дзейнічаюць з 2 жніўня, кампаніі ЕЗ, у якіх не менш як 25% належаць фізічнай або юрыдычнай асобе з Беларусі, больш не могуць перавозіць грузы ўнутры Еўразвязу у тым ліку для транзіту.
Забарона не будзе распаўсюджвацца на аўтатранспартныя кампаніі, якія належаць асобам з падвойным грамадзянствам або грамадзянам Беларусі, якія маюць часовае або пастаяннае права на жыхарства ў дзяржаве ЕЗ.
Новы кантроль, які ўводзіцца на межах і на дарогах, з'яўляецца часткай новага пакета санкцый ЕЗ.