Беларусы адмаўляюцца ад айчынных тавараў
9- 6.08.2024, 9:18
- 11,214
Ужо 10 гадоў запар.
Нядаўна чыноўнікі заяўлялі, што адсотак продажу прадукцыі беларускай вытворчасці ў 2024 годзе расце. "Радуе, што з году ў год павялічваецца дзель продажу айчынных тавараў", - сказаў Раман Галоўчанка на юбілеі органаў гандлю Беларусі. На прэс-канферэнцыі з той жа нагоды Аляксей Багданаў адзначаў: “У першым паўгоддзі мы назіраем рост продажу тавараў айчыннай вытворчасці. Гэта дзякуючы той палітыцы, якая праводзіцца ў нашай краіне - імпартазамяшчэнню, для папулярызацыі айчыннай прадукцыі”, піша сайт “Белорусы и рынок”.
Але звесткі афіцыйнай статыстыкі паказваюць, што дзель беларускага ў продажах ужо шмат гадоў запар падае.
Белстат паведамляе, што па выніках паўгоддзя 2024 года на айчынны сегмент прыпала ўсяго 58% раздробных продажаў, тады як годам раней дзель складала 61%. А дзесяць гадоў таму, у 2014 годзе, айчынныя вытворцы кантралявалі 70 адсоткаў унутранага рынку.
Беларускія тавары страчваюць пазіцыі як у прадуктовым, так і ў нехарчовым сектары. На "ядомым" рынку айчынныя вытворцы забяспечваюць 77% продажаў, у мінулым годзе дзель была большая - 77,7%. А дзесяць гадоў таму яна дасягала 82%.
Сярод усіх прададзеных нехарчовых тавараў было толькі 38% беларускіх, годам раней - 42%. А бо ў 2014 годзе айчынныя вытворцы яшчэ кантралявалі больш за палову непрадуктовага рынку - 53%.
Якія рынкі страцілі?
У параўнанні з 1-м паўгоддзем 2023 года самае радыкальнае падзенне дзелі ў продажах адчула айчыннае адзенне: з 28,6% да 16,4%. Тады як у 2014 годзе палова ўсяго прададзенага адзення была беларускай.
Абувацца ў беларускае спажыўцы таксама перастаюць: зніжэнне дзелі з 31% да 26% за год, а за 10 гадоў - з 53%.
Сярод харчовых тавараў вырас адсотак імпарту ў соках, макароне, рыбе і алеі. І нават крупам суайчыннікі сталі аддаваць перавагу імпартным: дзель беларускай знізілася за год на паўпрацэнта да 37%, хоць дзесяць гадоў таму яна складала 51%.
Дзель продажу тавараў айчыннай вытворчасці ў рознічным тавараабароце (%)
Як улады спрабуюць прадаць насельніцтву беларускае
Айчынныя вытворцы страчваюць унутраны рынак, нягледзячы на ўрадавыя меры - ужо даўно дзейнічаюць абавязанні для прадаўцоў ў наяўнасці і прыярытэце айчыннага асартыменту. Акрамя таго, купляць беларускае заклікаюць спажыўцоў. Асаблівыя надзеі ўрад ускладае на праграму льготнага крэдытавання пакупак беларускіх тавараў. У канцы 2023 года была прынятая адпаведная пастанова Саўміна №992, якая набыла моц 1 ліпеня гэтага года. Паводле інфармацыі Мінгандлю, ужо паспелі ўкласці 44,8 тысяч крэдытных дамоў на агульную суму 225 млн рублёў, фактычна выдадзена крэдытаў на 175 млн.
Першыя эфекты гэтага стымулу нам пакажа статыстыка за 3 квартал.