8 кастрычнiка 2024, aўторак, 23:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сямейны бізнэс Лукашэнкі «накрыўся»

11
Сямейны бізнэс Лукашэнкі «накрыўся»

Кантрабанда несумяшчальная з "геапалітычнымі амбіцыямі".

Некаторыя ўчора выявілі, што яго геапалітычныя амбіцыі мелі непрыемнае наступства. Ну гэта значыць, яны маюць шмат усялякіх непрыемных наступстваў. Але адно было такое зусім пабочнае і непрадказальнае.

Ну як непрадказальнае? Не біном Ньютана, каб не прадказаць. Але камусьці гэтае наступства да галавы мабыць неяк не прыходзіла. Не, ну сапраўды, вось ты падумай, якая можа быць сувязь паміж закідваннем суседскіх межаў мігрантамі і маленькім сямейным бізнэсам кантрабанды цыгарэт у Еўропу? А яна ёсць.

Вось учора сёй-той сказаў, што яго насцярожваюць тэндэнцыі ў тытунёвай галіне. Бо ўмовы на рынку змяніліся. І я нават ведаю як. Таму што калі ты закідваеш суседскія межы мігрантамі, то суседзі, прадказальна, пачынаюць больш старанна правяраць твае грузы.

А калі яны больш дакладна правяраюць грузы, то знаходзяць у гэтых грузах шмат цікавага. Напрыклад, цыгарэты ў цыстэрнах са смалой.

Вось палякі кажуць, што кантрабанда цыгарэт летась вырасла на 1 000 адсоткаў. І літоўцы гавораць пра рэкорд і пра тое, што яны за мінулы год канфіскавалі 8 мільёнаў кантрабандных пачкаў. Дык гэта не кантрабанда напраўду вырасла. Гэта проста знаходзіць кантрабанду сталі часцей.

І вось гэтая змена рынкавых умоў, яна, вядома, як той казаў «не можа не насцярожваць». І я нават не гавару пра даходы, якія гэты маленькі бізнэс дае дзяржаўнаму бюджэту. Хоць 2,5 мільярда рублёў за мінулы год - цалкам сабе самавітая сума.

Нацыянальная квота на вытворчасці цыгарэт - 30 мільярдаў штук на год. (І гэта не тычыцца цыгарэт для афіцыйнага экспарту, таму што афіцыйны экспарт ніхто квотамі не абмяжоўвае). А выкурваюць беларусы з гэтай нацыянальнай квоты - 18 мільярдаў штук, калі лічыць зусім ужо па гамбуржскім рахунку.

І атрымліваецца, што 12 мільярдаў штук - лішнія. А 12 мільярдаў штук гэта 600 мільёнаў пачкаў. І вось калі гэтыя лішнія 600 мільёнаў пачкаў прадаць на еўрапейскім рынку з вельмі вялікай скідкай, скажам нават па тры еўра за пачак, то атрымаецца больш, чым увесь беларускі калійны экспарт у Кітай.

Яно, вядома, у такім бізнэсе заўсёды бываюць дадатковыя выдаткі і непрадбачаныя страты. Ну дык і калій у Кітай сам сябе не возіць. А ў цыгарэт, калі з іх не плаціць ніякіх мыт, дадатковы кошт будзе ўсё ж вышэйшы.

І атрымліваецца, што ціхі сямейны бізнэс, ён не сумяшчальны з вялікімі геапалітычнымі амбіцыямі. Тут жа як? Ты ці сумленны кантрабандыст, ці гігант думкі і бацька шматпалярнай дэмакратыі.

А во былі часы, калі суседзі ставіліся да гэтага ціхага бізнэсу з поўным узаемаразуменнем.

Telegram-канал "Лісты да дачкі"

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках