Намінацыю Гарыс на пасаду прэзідэнта ЗША падтрымалі 99% дэлегатаў ад Дэмакратычнай партыі
3- 6.08.2024, 15:35
- 3,294
Галасаванне праводзілася незвычайным спосабам.
Віцэ-прэзідэнтка ЗША Камала Гарыс атрымала падтрымку 99% з 4567 дэлегатаў Дэмакратычнай партыі, якія галасавалі на працягу пяці дзён наконт кандыдатуры на пасаду прэзідэнта краіны. Аб гэтым гаворыцца ў заяве Нацыянальнага камітэта партыі, паведамляе The New York Times.
Галасаванне праводзілася незвычайным спосабам, зазначае выданне. Гэта зрабілі для таго, каб пазбегнуць патэнцыйных юрыдычных праблем. Сакратар партыі Джэйсан Рэй павінен пацвердзіць вынікі галасавання, перш чым Гарыс і яе кандыдат у віцэ-прэзідэнты прымуць намінацыю.
- Як правіла, кандыдаты вылучаюцца падчас асабістага паіменнага галасавання, якое праводзіцца на з'ездзе з вялікай пампезнасцю. Але ў гэтым годзе партыя правяла незвычайнае онлайн-галасаванне, каб пераканацца, што яны паспеюць гэта зрабіць да дэдлайнаў для друку бюлетэняў, - растлумачылі ў NYT.
Гарыс, чыя маці з Індыі, а бацька з Ямайкі, стане першай чарнаскурай жанчынай і першым чалавекам паўднёваазіяцкага паходжання, які будзе балатавацца на пасаду прэзідэнта ЗША ад вялікай партыі.
2 жніўня СМІ паведамлялі, што дэмакраты падтрымалі кандыдатуру Гарыс на пасаду прэзідэнта ЗША. Канкурэнцыю ёй не змог скласці ніводзін сябра партыі.