13 кастрычнiка 2024, Нядзеля, 1:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Красамоўнае маўчанне Лукашэнкі

18
Красамоўнае маўчанне Лукашэнкі

Дыктатар у замяшанні.

У Курскай вобласці Расеі другі дзень працягваюцца разлютаваныя баі. Расейскія ваенкары і z-паблікі прызналі факт захопу шэрагу населеных пунктаў, абароннае ведамства РФ вымушанае выдаліць інфармацыю аб “разгроме і выцясненні дыверсантаў”, піша “Салiдарнасць”.

Тым часам цікава паглядзець на тое, што зараз адбываецца ў Беларусі, якую ад месца падзей аддзяляюць лічаныя сотні кіламетраў.

Прэс-служба Лукашэнкі і набліжаны да яго тэлеграм-канал захоўваюць маўчанне. На афіцыйным сайце дыктатара ў першую палову дня 7 жніўня было апублікаванае толькі віншаванне прэзідэнту Рэспублікі Кот-д’Івуар з Днём незалежнасці.

Агенцтва БЕЛТА раніцай перадрукавала заяву расейскага МЗС, які абвінаваціў Кіеў у "тэрарыстычнай атацы" на Курскую вобласць. Гэта адно з двух паведамленняў на гэты момант, прысвечаных вайне ва Украіне. Другое пры гэтым не тычыцца актуальных падзей у Курскай вобласці.

Таксама БЕЛТА паведамляе аб вучэннях, прысвечаных пытанням прымянення беспілотнікаў і барацьбы з ДРГ. Практычныя дзеянні пройдуць на палігонах і ўчастках мясцовасці на тэрыторыях Менскай і Гарадзенскай абласцей 7-8 жніўня, гаворыцца ў паведамленні.

Бліжэй да абеду ў стужцы навін мільгануў загаловак: “Важная падзея ў жыцці афіцэрскага корпуса. Хрэнін уручыў пагоны палкоўніка афіцэрам Узброеных Сіл”. І ўсё, на гэтым ваенная тэма ў першай палове дня была вычарпаная.

Красамоўнае маўчанне Лукашэнкі не можа не выклікаць пытанні. Бо мы выдатна памятаем, што адбывалася на мяжы Беларусі і Украіны крыху больш за месяц таму.

Калі і сам дыктатар, і штабныя генералы, у тым ліку Павел Муравейка без бачных на тое прычын нагняталі сітуацыю. На мяжу сцягнулі войскі, размясцілі там “Паланэзы”, разыгралі на словах спектакль з “тысячамі добраахвотнікаў”, якія ірвуцца ў вайсковыя камісарыяты.

І ўсё гэта падавалася пад падліўкай варожых дзеянняў УСУ, якія нібыта сцягнулі да мяжы з Беларуссю сур'ёзныя сілы.

А потым усё раптоўна развязалася. 13 ліпеня Лукашэнка выйшаў да прэсы і на міргнуўшы вокам паведаміў:

- Пасля нашай пэўнай працы ўкраінцы свае ўзброеныя сілы і дадатковыя войскі, якія яны перакінулі да нашай мяжы, ад мяжы адвялі і ўвогуле вывелі з зоны беларуска-ўкраінскай мяжы.

І "у адказ на гэта" распарадзіўся адвесці свае войскі ад мяжы з Украінай.

Экспэрты дагэтуль варожаць, ці была тады рэальная прычына сцягваць у Гомельскую вобласць дадатковыя сілы, ці ўсё адбылося паводле прынцыпу “сам ускладніў сітуацыю — сам і разрадзіў”.

Сёння ж, калі за пару соцень кіламетраў ад Беларусі ідуць баі на тэрыторыі Расеі, міністр Хрэнін спакойна раздае ўзнагароды замест таго, каб рапартаваць аб неабходнасці ўзмацнення межаў.

Зрэшты, некалькі прычын, якія тлумачаць маўчанне Лукашэнкі і ягонага атачэння, ляжаць на паверхні.

Па-першае, зараз гаворка ідзе аб рэальнай, а не ўяўнай пагрозе. Пагрозе, створанай звонку, якую нельга пракантраляваць.

І мы нярэдка былі сведкамі замяшання і самога Лукашэнкі, і яго прапаганды, калі здаралася нешта пагрозлівае, што не паддаецца яго кантролю.

Акрамя таго, варта звярнуць увагу на рэакцыю пракрамлёўскіх z-каналаў, якія праводзяць прамыя паралелі паміж сённяшнімі падзеямі і нядаўнім нечаканым "замірэннем" Лукашэнкі з Украінай. Вось толькі некалькі характэрных прыкладаў:

Канал BRIEF: “Сітуацыя ў цэлым вярнула нас у люты-сакавік 2022 года з памылкамі і пралікамі цэнтраў прыняцця пастаноў, якія змянілі характар і фармат СВА. Адзін з гэтых цэнтраў - Менск. Мірныя ініцыятывы Лукашэнкі, відаць, справакавалі ўкраінцаў на курскі кірунак”.

Цвярозы палітолаг: “Выдатны саюзнік у Расеі - Лукашэнка. Даў Зяленскаму гарантыі ненападзення. УСУ знялі часткі з беларускай мяжы і зараз атакуюць імі Курскую вобласць”.

Win/Win: “УСУ сцягваюць сілы і сродкі ў прымежжа каля Суджанскага раёна. ГУВ перакідае ССА, нядаўна знятыя з беларускай мяжы пасля адводу сіл Бацькі. Таксама ідзе назапашванне асабовага складу і тэхнікі ў 20-кіламетровай зоне ад мяжы”.

У сітуацыі, калі на цябе пачынаюць паказваць пальцам, лепш лішні раз не адсвечваць. Тым больш, калі ты сам падпісаў новую вайсковую дактрыну, паводле якой “напад на кожную саюзную нам дзяржаву” разглядаецца як “напад на сваю тэрыторыю”.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках