Законы эканомікі сваё возьмуць
1- 8.08.2024, 10:17
- 9,512
Галоўчанка прызнаў сімптомы, але адмаўляе хваробу.
Вытворчасць, заробкі, аб'ёмы крэдытаў, выдаткі прадпрыемстваў растуць у Беларусі тэмпамі, якія эканоміка дазволіць сабе не можа. Эканамісты называюць гэта сітуацыяй перагрэву, які небяспечны тым, што ў нейкі момант эканоміка можа проста не вытрымаць, піша сайт "Белорусы и рынок".
Але прэм'ер Раман Галоўчанка мяркуе, што на беларускую эканоміку дарма нагаворваюць. Бо сімптомы перагрэву ў беларускай эканоміцы ёсць, а хваробы няма.
«Перагрэў - гэта эканамічная катэгорыя, якая абазначае сітуацыю, пры якой рост ВУП перавышае патэнцыйны. Гэта першы сімптом. Другі сімптом, калі ідзе актыўны рост заробкаў і грошы накіроўваюцца на спажыванне. Гэта ўсё выклікае нейкія дысбалансы», - сказаў Галоўчанка.
Па выніках паўгоддзя ВУП Беларусі вырас на 5,5 адсотка. Вытворчыя магутнасці былі загружаны на 70 адсоткаў яшчэ восенню мінулага года. Цяпер узровень загрузкі вырас. У некаторых галінах ён увогуле наблізіўся да 100%. Напрыклад, загрузка прадпрыемстваў цэментнай галіны складае 98,2 адсоткі.
Нястача працоўнай сілы дасягнула такога ўзроўню, калі вакансій у краіне больш, чым беспрацоўных. У выніку заробкі ў другім квартале на 22% перавышалі сярэдні ўзровень 2021 года.
Пры гэтым рэкорднымі тэмпамі раслі крэдыты. У другім квартале аб'ём новых выдадзеных крэдытаў складаў 74 адсоткі ад ВУП.
Крэдыты і рост заробкаў стымулявалі спажывецкі попыт, які таксама цешыў рэкордамі. З пачатку года раздробны тавараабарот павялічыўся больш, чым на 10 адсоткаў.
"Так, у нас ідзе рост заробку, так, у нас ідзе рост аб'ёмаў вытворчасці, так, у нас ідзе рост аб'ёмаў крэдытавання", - прызнаў Раман Галоўчанка.
Але, пералічыўшы сімптомы і прызнаўшы, што ўсе яны ў беларускай эканомікі ёсць, прэм'ер зрабіў парадаксальную выснову. Ён сказаў, што перагрэў эканомікі эканамістам толькі сніцца.
“Ніякай рызыкі цяпер мы не бачым, - сказаў Галоўчанка. - Усе пастановы, якія намі прымаюцца ў эканамічнай палітыцы, яны ўлічваюць і рызыку наступлення негатыўных наступстваў”.
А галоўнай прыкметай здароўя эканомікі ўрад лічыць кантроль над інфляцыяй. Яна хоць і паскорылася, але за шэсць месяцаў склала 5,8 адсотка ў гадавым вылічэнні.
"Калі інфляцыя знаходзіцца пад кантролем, то пра які перагрэў можна тады гаварыць", - сказаў Галоўчанка.
Праўда, адзіная прычына нізкага ўзроўню інфляцыі цяпер - татальны кантроль над коштамі. Коштам гэта дапамагае, а фінансаваму здароўю прадпрыемстваў ужо не вельмі. Траціна з іх зараз працуе без абаротных сродкаў. Па выніках паўгоддзя страты беларускіх кампаній выраслі на 56% і склалі 2,3 млрд. рублёў.
Так што як ні старайся, а законы эканомікі сваё возьмуць. Калі перагрэў не можа выказаць сябе ў коштах, то ён выкажа сябе ў стратах. І лягчэй ад гэтага нікому не стане.