Капітан ВМС Украіны: Няўдалае штукарства расейцаў
5- 8.08.2024, 17:18
- 27,744
Расейскі флот з акіянскага ператварыўся ў прыбярэжны.
У пачатку жніўня Генеральны штаб УСУ паведаміў аб знішчэнні расейскай падводнай лодкі "Растоў-на-Доне" ў часова акупаваным Крыме.
Капітан ВМС Украіны I рангу, кіраўнік ваенных праграм Цэнтра глабалістыкі «Стратэгія ХХI» Павел Лакійчук расказаў сайту Charter97.org, наколькі гэта сур'ёзная страта для расейскага флоту і з якой прычыны расейскія караблі апынуліся ў пастцы ў Чорным моры.
- Летась гэтая гісторыя пачалася, калі ракетамі Storm Shadow быў атакаваны Севастопальскі марскі завод, паўночны док “Севморзавода”, які размяшчаецца на паўночным баку Севастопаля. Там акурат і знаходзіліся вялікі дэсантны карабель "Мінск" і падводная лодка "Растоў-на-Доне".
У выніку гэтага ўдару абодва судны атрымалі сур'ёзныя пашкоджанні, фактычна - несумяшчальныя з жыццём, я б так сказаў. Створкі сухога дока, гэта тыя вароты, якія злучаюць завод з вадой, непасрэдна з акваторыяй бухты, выстаялі. Гэта дазволіла расейцам падлатаць гэтыя караблі, сказаць, што яны будуць аднаўляць іх. Потым судна перацягнулі з дока “Севморзавода” ў 13-й суднарамонтны завод Чарнаморскага флоту, гэта асноўнае спецыялізаванае прадпрыемства ў рамонце баявых караблёў ЧФ у Кілен-бухце ў Севастопалі.
Вось яны там стаялі, а праз некаторы час украінская выведка атрымала інфармацыю, што расейцы хочуць аднавіць “Мінск” вельмі цікавым спосабам. У 2014-м годзе сярод караблёў ВМС Украіны, якія яны захапілі ў Севастопалі, быў вялікі дэсантны карабель “Канстанцін Альшанскі”. Гэта дастаткова класны карабель, расейцы прыглядаліся да яго вельмі даўно, але выкарыстоўваць яго як трафейнае судна ў складзе свайго флоту нельга. Ні ў якое мора яно не выйдзе, у кожным порце будзе арыштаваная.
І вось тут у іх з'явілася такая ідэя, што можна аднавіць “Альшанскага”, напісаць у яго на борце «Мінск», і вось вам фокус-покус. Ідэя няўдалая. З жалем у сэрцы, нашы ракетчыкі ўдарылі па нашым жа караблі, і “Канстанцін Альшанскі” канчаткова быў выведзены з ладу. На гэтым гісторыя аднаўлення "Мінска", я думаю, скончыцца, хаця ён працягвае стаяць на 13-м заводзе.
Тое ж тычыцца і "Растова-на-Доне". Мяркуючы з тых пашкоджанняў, якія былі нанесеныя пры ўдары па “Севморзаводу”, у яго, прынамсі ў двух месцах, быў сур'ёзна пашкоджаны цвёрды корпус. Падводная лодка адрозніваецца ад надводнага карабля тым, што тая форма, якую мы бачым зверху, гэта лёгкі корпус для гідрадынамічных уласцівасцяў карабля. Унутры знаходзіцца капсула з вельмі трывалага металу, якая павінна вытрымліваць ціск шматлікіх тон вады пры апусканні карабля.
Паводле тактыка-тэхнічных характарыстык 636-ы праект "Варшавянка" можа апускацца на глыбіню да 300 метраў, а так працоўная глыбіня 60-100 метраў. Фактычна, калі ёсць сур'ёзнае пашкоджанне цвёрдага корпуса, гэта ўжо неаднаўляльна. Тым не менш расейцы заявілі аб планах аднавіць "Растоў-на-Доне". З майго асабістага пункта гледжання, нават калі і адновяць, то лепшы ў яго лёс - гэта плывучая станцыя сілкавання.
Наша камандаванне мяркуе, што нават калі гэтая падлодка будзе апускацца на 8-10 метраў і ажыццяўляць пускі "Калібраў" з гэтай глыбіні, то ўсё адно гэта нясе небяспеку. Таму надумалі падстрахавацца, па “Растова-на-Доне” быў нанесены паўторны ўдар, з прычыны чаго ён атрымаў яшчэ больш значныя пашкоджанні. Пакуль складана ацаніць, няма аб'ектыўных звестак аб тых фізічных пашкоджаннях, якія атрымала лодка з прычыны другога ўдару. Але хутчэй за ўсё, што дарога ёй зараз у Інкерман "на іголкі" (на злом - рэд.).
Гэта значыць мінус адзін, але яшчэ тры падводныя лодкі-носьбіты "Калібраў" у Чорным моры засталіся. Ну і адна лодка выйшла з Чорнага мора на баявую службу ў 2021-м годзе, яна знаходзіцца ў Міжземным моры і вярнуцца не можа. Гэта значыць, да канца баявых дзеянняў у Чорным моры гэтая тройца застаецца асноўнай пагрозай.
- Аднак суднарамонтны завод у Севастопалі цяпер пад агнявой паразай Украіны. Фактычна гэтая тройца зараз знаходзіцца ў пастцы?
- Не толькі гэтая тройца, наогул атрымліваецца так, што Чарнаморскі флот РФ пазбаўлены надзейных суднарамонтных магутнасцяў. Цяпер, калі паглядзець карту, то ў Севастопалі на 13-м заводзе хаваюцца два недабітыя ВДК, “Мінск” і “Альшанскі”, і адзін ВДК знаходзіцца ў нафтагавані. Караблі тамака звычайна стаяць пад сеткамі, калі прыходзяць у Севастопаль у чаканні, калі да іх прыляціць.
Расейцы ў 2014-м годзе нарабілі шмат памылак, але адна з самых вялікіх у тым, што яны разлічвалі на Севастопаль як на асноўную базу Чарнаморскага флоту ва ўмовах вайны з Украінай, у тым ліку і пашыраючы рамонтную базу. Замест таго, каб дыверсіфікаваць суднарамонт на Новарасійск хаця б, у якасці асноўнага суднарамонтнага прадпрыемства Чарнаморскага флоту быў вызначаны Севастопальскі марскі завод. Гэтае ўкраінскае дзяржаўнае прадпрыемства, якое было захоплена і нацыяналізаванае Расейскай Федэрацыяй.
Увесь суднарамонт яны сканцэнтравалі ў Севастопалі. Цяпер няхай выкручваюцца, я не ведаю, ці атрымаецца гэта ім. Насамрэч ёсць магутнасці і на іншых акупаваных тэрыторыях: гэта і ў Феадосіі завод “Мора”, гэта і ў Керчы завод “Заліў”. У ранейшыя часы яны былі буйнымі суднабудаўнічымі і суднарамонтнымі прадпрыемствамі.
Але і па Феадосіі прылятае, і па Керчы прылятае. У выніку ракетнага ўдару падчас дабудоўкі быў знішчаны ракетны карабель "Аскольд". Гэта адбылося ў Керчанскай затоцы проста ля прычала. Расейцы баяцца там рамантаваць караблі. Дзе зараз ім ажыццяўляць суднарамонт - хай самі прыдумаюць.
- Ёсць вядомы выраз, які прыпісваюць расейскаму цару Аляксандру III. “У Расіі ёсць толькі два саюзнікі - яго войска і флот”. Ці можа РФ сёння разлічваць на флот як на саюзніка?
- Расейскі ваенна-марскі флот - гэта ж не толькі флот на Чорным моры, гэта яшчэ і Паўночны флот, Ціхаакіянскі флот, падобныя ўтварэнні на Балтыцы, кантужаныя, як і Чарнаморскі флот, ёсць яшчэ група караблёў, так званая Каспійская флатылія. Каспійская флатылія слабенькая, але яны могуць свае караблі па ўнутраных марскіх шляхах накіроўваць у Чорнае мора і Азоў, такім чынам узмацняючы Чарнаморскі флот.
Фактычна - Чарнаморскі флот ужо не можа выконваць пастаўленыя перад ім задачы на гэтую вайну, у тым ліку і з прычыны паразы ключавых баявых караблёў. Другі фактар - сама пагроза прымянення марскіх дронаў (і не толькі) ставіць эфектыўнасць гэтага флоту пад вялікае пытанне.
Што да ваенна-марскога флоту Расеі агулам, то ён даўно знаходзіцца ў крызісе. Пераход з акіянскага флоту ў такі вельмі прыбярэжны - гэта даволі балючы ўдар па расейскіх амбіцыях. Нагадаю, флагман Чарнаморскага флоту, авіяносны крэйсер “Адмірал Кузняцоў”, знаходзіцца ўжо некалькі гадоў у, так скажам, перманентным і не вельмі перспектыўным рамонце. Ён ужо гарэў, краны на яго падалі, плывучыя докі танулі. Скончыцца ці яго рамонт аднаўленнем і увядзеннем у баявы склад флоту - пытанне вельмі дыскусійнае.
Атамны ракетны крэйсер "Пётр Вялікі", такая візітная картка расейскага флоту, таксама знаходзіцца ў шматгадовым рамонце. Хутчэй за ўсё, з гэтага рамонту ён ужо не выйдзе, далейшы яго лёс трагічны - "на іголкі". Замест яго расейцы надумалі ўвесці ў шыхт яго сістэршыпа (карабель такога ж тыпу, аднасерыйнік - рэд.) "Адмірала Нахімава", які знаходзіўся ў кансервацыі, калі не памыляюся, з 1988-га года. Можна сабе ўявіць - 30 гадоў кансервацыі і цяпер рамонт - таксама пытанне рытарычнае, ці ўвойдзе ён у склад флоту.
У надводных караблях акіянскай зоны расейскі флот ужо не канкурэнт у сусветным акіяне, застаюцца толькі падводныя лодкі з балістычнымі ракетамі. Так, яны пагрозу нясуць, але за імі пільна сочаць. Я не думаю, што гэты складнік ядзернай трыяды Расейскай Федэрацыі з'яўляецца вызначальным у яе баявым патэнцыяле. На тое яно і ядзернае стрымліванне, правяраць гэта ніхто не жадае, ды і не трэба.