Расейскі мільярдэр Дзерыпаска назваў вайну Пуціна ва Украіне вар'яцкай
35- 8.08.2024, 19:14
- 50,242
І заклікаў неадкладна яе спыніць.
Алег Дзерыпаска падсумоўваў пазіцыю буйнога бізнэсоўца, які працягвае жыць у Расеі. Вайна - гэта дрэнна, але, калі хочаш і далей займацца бізнэсам, у палітыку не лезь.
Магчымасць экспартаваць прадукцыю ў краіны Азіі, «якія пераследуюць уласныя інтарэсы», стала, «безумоўна, выратавальным колам для [расейскага] гандлю» пасля санкцый і разрыву эканамічных дачыненняў з заходнімі краінамі, сказаў Дзерыпаска Nikkei Asia.
Гандаль з Кітаем, са слоў заснавальніка алюмініевага гіганта «Русал» і яго матчынай кампаніі En+, апынулася «вызначальным фактарам у пачатку вайны», тады як сам ён меркаваў, што эканамічны «калапс [у Расеі] будзе мацнейшым». Гандаль падтрымаў расейскую эканоміку, а вось вайсковыя выдаткі яму шкодзяць, сказаў Дзерыпаска ў Токіё, куды ён, з яго слоў, прыляцеў у якасці прадстаўніка Расеі для ўдзелу ў Дзелавой кансультатыўнай радзе Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва (АЦЭС). Выдаткі на абарону і бяспеку ў бюджэце 2024 г. перавысілі 10,7 трлн рублёў (амаль 6% ВУП).
Дзерыпаска назваў вайну ва Украіне «вар'яцкай» і заклікаў да «неадкладнага і безумоўнага спынення агню».
«Калі хочаш спыніць вайну, найперш трэба спыніць агонь», - сказаў Дзерыпаска.
Дзерыпаска аднойчы ўжо называў канфлікт ва Украіне «вар'яцтвам» - праз месяц пасля расейскага ўварвання. Пасля чаго бізнэсоўца мінімум двойчы прасілі з Крамля перастаць крытыкаваць вайну, пісала ў канцы 2022 г. Financial Times. У тым жа годзе кампанія Дзерыпаскі пазбавілася яхтавага порта і гатэльнага комплексу «Імерэцінскі» ў Сочы, на якія ён выдаткаваў $1 млрд.
Наступныя выказванні бізнэсоўца былі больш асцярожнымі. Мінулай восенню ў інтэрв'ю FT ён заявіў, што не разумее, «чаму яе [вайну] не могуць скончыць абодва бакі». «Не бачу, як нехта можа дасягнуць заяўленай мэты», - дадаў ён.