Bloomberg: Расейская выведка за два тыдні ведала пра падрыхтоўку нападу УСУ на Курскую вобласць
21- 8.08.2024, 20:22
- 17,446
Звесткі пра падрыхтоўку нападу праігнараваў Герасімаў.
Расейская выведка за два тыдні ведала пра падрыхтоўку ўварвання Узброеных сілаў Украіны ў Курскую вобласць, але ваеннае кіраўніцтва краіны праігнаравала гэтую інфармацыю, паведамляе Bloomberg са спасылкай на блізкую да Крамля крыніцу.
Паводле ягоных звестак, звесткі пра падрыхтоўку нападу – найбуйнейшага для Украіны з пачатку вайны – не былі дакладзеныя дыктатару Уладзіміру Пуціну. Іх таксама праігнараваў кіраўнік Генштаба Валерый Герасімаў, які са студзеня 2023 года кіруе расейскай групоўкай ва Украіне.
Пуцін, хутчэй за ўсё, не наважыцца звольніць Герасімава, які ўзначальвае Генштаб больш за 12 гадоў і застаўся на сваёй пасадзе, нягледзячы на маштабную «зачыстку» Мінабароны, кажа крыніца Bloomberg. Аднак цярпенне Крамля ў дачыненні да 68-гадовага Герасімава, танкавага генерала паводле адукацыі, кавалера шматлікіх ордэнаў і ўладальніка вышэйшага вайсковага звання (генерал арміі), – на зыходзе, падкрэслівае суразмоўца агенцтва.
У сераду Герасімаў даў справаздачу перад кіраўніком, што прасоўванне УСУ ў Курскай вобласці «спыненае», а таксама паабяцаў неўнікнёны «разгром» украінскім вайскоўцам, якім да таго моманту ўдалося прасунуцца на 10 км ад мяжы і заняць не менш за 10 сёлаў.
Праз суткі УСУ пашырылі зону кантролю ў памежных раёнах, завалодаўшы тэрыторыяй плошчай большай за 400 кв км. Пад іх кантролем апынуўся горад Суджа і аднайменная газаразмеркавальная станцыя, праз якую расейскі газ паступае апошнім кліентам «Газпрама» ў Цэнтральнай Еўропе (Аўстрыя, Вугоршчына і Славакія). У палон да УСУ патрапілі не менш за 40 расейскіх салдатаў, у тым ліку тэрміновай службы, а таксама памежнікі.
Нягледзячы на папярэджанні выведкі, нечаканы кідок УСУ заспеў знянацку расейскіх генералаў. Расейскія войскі апынуліся дрэнна падрыхтаванымі і першапачаткова практычна не чынілі супраціву ўкраінскім сілам, піша Bloomberg.