Дылер сцвярджае, што Nissan у Беларусі прадаюць з коштамі ніжэйшымі за сусветныя
5- 8.08.2024, 20:34
- 9,862
Ці варта верыць?
На беларускі рынак паступілі новыя партыі гібрыдных аўтамабіляў Nissan X-Trail і Nissan Sylphy. У аўтацэнтры ДрайвМотарс сцвярджаюць, што кошты іх ніжэйшыя, чым на сусветным рынку. «Анлайнер» правёў экспрэс-агляд сусветных коштаў, каб гэта праверыць.
Беларусам прывезлі паўнапрывадны Nissan X-Trail у максімальнай камплектацыі Top. Версія e-Power абсталяваная двума электраматорамі і бензінавым 1,5-літровым турбарухавіком для зарадкі акумулятара. Крутоўны момант на колы перадаюць электраматоры магутнасцю 250 квт. Для большай магутнасці і ўстойлівасці выкарыстоўваецца трансмісія e-4ORCE.
Гібрыдны красовер у топавай камплектацыі ў Беларусі каштуе 109 900 рублёў. Яшчэ 2000 рублёў скінуць пры набытку ў трэйд-ін (3000 – пры абмене любой мадэлі Nissan). Дылер сцвярджае, што машына каштуе танней, чым у іншых краінах.
– Мы дамагліся адных з найлепшых коштаў у свеце для беларускага рынку. З зразумелых прычынаў фокус зроблены на гібрыдах і электрамабілях, але гэта таксама адказвае і чаканням рынку: людзі перасаджваюцца на больш эканамічныя і экалагічныя мадэлі і версіі. На рынку цяпер склаліся добрыя ўмовы, – адзначаюць у «ДрайвМотарс».
Пры гэтым многія звярнулі ўвагу на тое, што на сайце пазначаныя іншыя кошты X-Trail. У дылера патлумачылі, што праз высокі попыт яшчэ не абнавілі кошты. Тым не менш аўто можна забраняваць праз тэлефанаванне ці пры асабістым візіце.
Колькі гэтая машына каштуе ў іншых краінах?
Цяжка праверыць усе сусветныя кошты машыны ў моманце, але парадак коштаў усё ж даведацца нескладана. Аўстралійскі партал Carsales.com, да прыкладу, дае кошты Nissan X-Trail 2024 года выпуску ў дыяпазоне ад 40,8 тыс. да 65,5 тыс. даляраў. Партал Carwow.co.uk дае разуменне кошту гэтай мадэлі ў Вялікай Брытаніі: прыкладна ад 35 тыс. да 44,5 тыс. фунтаў стэрлінгаў (44,5 тыс. – 56,5 тыс. даляраў). Амерыканскі цэтлік: 37 тыс. – 59 тыс. даляраў.
Пытанні дылеру
Уважлівы чытач Канстанцін, які сцвярджае, дарэчы, што сам нядаўна набыў такі Nissan X-Trail, западозрыў нядобрае і звярнуўся са сваімі пытаннямі і заўвагамі. Мы іх пераадрасавалі дылеру і цяпер публікуем разам з адказамі.
Канстанцін: «Параўноўваюцца кошты з коштамі ў іншых краінах. Але ў іншых краінах прадаецца іншы X-Trail – той, які збіраецца ў Японіі. Там ёсць памяць сядзенняў, сапраўдны скураны салон (а не дэрматын), вентыляцыя, CarPlay і куча ўсяго іншага».
Дылер: «Мы рэалізуем у Беларусі Nissan X-Trail у топавай камплектацыі. У ёй ужо прысутнічае трохзонны клімат-кантроль, скураны салон, а яшчэ 10,8-цалевы праекцыйны дысплэй, 12,3-цалевая інтэрактыўная прыборная панэль, аўдыясістэма Arkamys і мноства іншых опцый.
Што да параўнання, то мы правялі пільны маніторынг коштаў красовера на замежных рынках. Бралі ў разлік любыя новыя аўтамабілі Nissan X-Trail у топавай камплектацыі (TOP), якія прадаюцца дылерамі, – як 2024, так і 2023 года выпуску. Пры гэтым трэба браць да ўвагі, што не заўсёды ў адкрытым доступе можна знайсці інфармацыю пра год выпуску».
Канстанцін: Такі X-Trail, як у нас, прадаецца толькі ў Кітаі і на Тайвані. Фактычна гэта тачка для ўнутранага кітайскага рынку, зробленая ў Кітаі на заводзе Dongfeng. Яна моцна адрозніваецца ад сусветных X-Trail, і калі ўжо ў допісе ідзе параўнанне з сусветнымі коштамі, то якраз параўноўваць трэба з коштамі ў Кітаі, дзе гэтая мадэль і прадаецца і дзе яна каштуе прыкметна танней».
Дылер: Многія сусветныя брэнды вырабляюць аўтамабілі ў Кітаі, у тым ліку і Tesla. Ні для кога гэта не сакрэт. І мы ніколі гэтага не хавалі. Больш за тое, усім відавочна, што новыя японскія аўтамабілі, якія паступаюць на рынак Беларусі і Расеі, сабраныя ў Кітаі.
Тыя, хто недаацэньваюць якасць кітайскай зборкі, моцна памыляюцца. Гэта сучасная вытворчасць, якая працуе паводле найноўшых тэхналогіяў і фірмовых стандартаў Nissan. Ад таго, што аўтамабіль сабраны ў Кітаі, ён не перастае быць японскім.
Што да раздробных коштаў у Кітаі, то мы з такім коштам у іх не бачылі, хоць і не можам выключаць. У любым выпадку, калі браць сусветныя кошты, то яны істотна вышэйшыя».
Канстанцін: «Сама навіна не навіна, бо гэтая машына за 109900 прадаецца блізу двух месяцаў».
Дылер: «Калі мы гаворым пра аўтамабілі апошняй партыі, то яны паступілі нядаўна. Заказ на аўтамабіль у TOP-абсталяванні можна было зрабіць і раней, скажам, у чэрвені. Да гэтага мы таксама прапанавалі за 109900 рублёў Nissan X-Trail 2024 года ў камплектацыі Comfort».
Яшчэ адно пытанне чытачоў было звязанае з тым, што адна і тая мадэль – Nissan X-Trail, мяркуючы з інфармацыі на сайце дылера, прадаецца з двума рознымі коштамі.
Дылер: «Усё залежыць ад камплектацыі і года выпуску. Nissan X-Trail 2024 года выпуску мы прадаем у дзвюх камплектацыях: Comfort – 109900 рублёў, TOP – 122900 рублёў. Таксама цяпер ёсць магчымасць набыць аўтамабіль Nissan X-Trail 2023 года. Дык вось у камплектацыі TOP ён каштуе 109 900 рублёў. Гэта таксама новыя аўтамабілі, толькі выпушчаныя, скажам, у снежні 2023-га, а не ў красавіку 2024-га. Ніякіх абнаўленняў у мадэлі сёлета не было, так што гэта той самы аўтамабіль. Але ёсць розніца ў кошце, бо закупачныя кошты аўтамабіля 2024 года вышэйшыя. Але кожны можа абраць аўтамабіль таго года, які яму хочацца. Адсюль і розніца ў кошце».
Гібрыдны Nissan Sylphy у Беларусі каштуе 74900 рублёў. Для падзарадкі батарэі стаіць радны бензінавы рухавік аб'ёмам 1,2 літра, а цягу дае электраматор магутнасцю 100 квт. Заяўлены выдатак у сярэднім складае 3,9 літра на 100 км.
Абедзве мадэлі можна ўзяць на тэст-драйв у Менску. На новыя аўтамабілі дзейнічае растэрміноўка на 2 гады ў рублях ці далярах. Таксама даступныя «доўгія» крэдыты з ільготным перыядам пад 0,01% на першыя паўгода (потым – 17%) і лізінг.