У Польшчы расказалі, што думае Анджэй Пачобут пра сваё магчымае вызваленне
3- 9.08.2024, 12:44
- 8,618
У палітвязня ёсць свае ўмовы.
Палітвязень журналіст Анджэй Пачобут не хоча пакідаць Беларусь без магчымасці вярнуцца, і ягоную думку трэба ўлічваць у працы над яго вызваленнем, распавяла ў эфіры TVN24 кіраўніца Канцылярыі прэзідэнта Польшчы Малгажата Папроцкая.
Малгажата Папроцкая запэўніла, што прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда "вельмі клапоціцца аб вызваленні Пачобута" і дзеля гэтага прыкладаюцца ўсе намаганні.
- Аднак трэба таксама памятаць, што ў Пачобута ёсць сваё меркаванне на гэты конт, перш за ўсё, ён не хоча пакідаць Беларусь без магчымасці калі-небудзь туды вярнуцца. І да гэтага ў гэтым пытанні таксама трэба паставіцца вельмі сур'ёзна, - падкрэсліла яна.
Як вынікае са слоў чыноўніцы, пазіцыя Пачобута стала вядома ад яго самога: у польскага боку "ёсць адпаведныя каналы для сувязі" з палітвязнем, пытанне ўвесь час знаходзіцца на парадку дня ў прэзідэнта Польшчы.
Са слоў Малгажаты Папроцкай, "справа Пачобута - пытанне не васьмі месяцаў, а многіх гадоў", але ёсць надзея, што яна "хутка набудзе шчаснае заканчэнне".