З дна Дуная ў Сербіі пачалі паднімаць Чарнаморскі флот Трэцяга рэйху
6- 9.08.2024, 17:41
- 9,624
Еўразвяз выдзеліў на ўзняцце нямецкіх караблёў 30 мільёнаў еўраў.
Маштабная аперацыя па ўзняцці са дна Дуная флоту нацысцкай Германіі пачалася ля горада Прахава ў Сербіі. Караблі 80 гадоў таму былі затопленыя, каб не дасталіся Чырвонай арміі, піша Bild.
У 1944 годзе нацысцкая Германія хацела эвакуяваць больш за 200 баявых караблёў і грузавых суднаў Чарнаморскага флоту і Дунайскай флатыліі. Іх планавалі падняць уверх па Дунаі да тэрыторыі Германіі. Але ў жніўні Чырвоная армія выйшла на бераг ракі вышэй па цячэнні і заблакавала праход.
Тады караблі пастанавілі затапіць. Так яны і ляжалі на дне ракі да нашых дзён, мяшаючы пры гэтым суднаходству. Штогод побач з Прахавым праходзяць да тысячы суднаў, у тым ліку круізных лайнераў, а пасля засухі лета 2022 года і падзення ўзроўню вады ў рацэ праблема ўзнікла асабліва востра.
Еўразвяз выдзеліў на ўзняцце нямецкіх караблёў 30 мільёнаў еўраў. У сераду са дна паднялі першы з іх, а ў найбліжэйшыя месяцы збіраюцца дастаць яшчэ 20. Пасля ў планах узняцце яшчэ амаль 80 штук. Адмысловую цяжкасць складае праверка выбухоўкі на борце і яе размінаванне.
Сербскія ўлады абяцаюць, што частку патанулага нацысцкага флоту выставяць на ўсеагульны агляд.