«Званочак прадаўцам»: эксперт прагназуе, што будзе з коштамі жылля
2- 10.09.2024, 16:50
- 11,680
Да канца года можа быць «сюрпрыз».
Экспертка па нерухомасці Наталля Літоўская ў сваім тэлеграм-канале адказала на пытанне, ці варта чакаць зніжэння кошту аднаго квадратнага метра жылля пасля таго, як адсоткавая стаўка ў «Беларусбанку» на гатовае жыллё вырасла да 16% гадавых.
«Не, чакаем стабілізацыі коштаў. 15% гадавых, уведзеных у канцы чэрвеня, было ўжо задорага. 16% таксама задорага, але яшчэ не забаронная стаўка. Зрэшты, яна ўжо пачне адсякаць частку людзей, якія крэдытаваліся на вялікія сумы або на 90% кошту кватэры, ім ухваляць меншыя сумы», - адзначае аналітык.
На яе думку, «тыя, каму не выстарчыла 20-30-40 тысяч даляраў, возьмуць пазыкі і пад 16%».
«Увогуле, як рынак «пераварвае» новыя стаўкі, убачым толькі да канца кастрычніка.
Але званочак прадаўцам адназначны - зараз добры час дамаўляцца і прадаваць», - мяркуе Наталля Літоўская.
На яе думку, «прадаўцам, у якіх ёсць «крэдытны» пакупнік, не трэба цягнуць: страціце крэдытнага - наступны можа столькі і не даць».
На ўдакладняльнае пытанне, калі ў тэорыі стаўкі па крэдытах на нерухомасць у кастрычніку - лістападзе гэтага года вырастуць да 17% гадавых, то ці пойдуць уніз кошты жылля, аналітык адказала:
«Рынак інэртны, каб усвядоміць, што «няма таго, што раней было», яму трэба 2-4 месяцы. У кожным выпадку сёлета падзення коштаў не ўбачым. Але да Новага года чакаем нарэшце паўнавартасных акцый і зніжак на новабудоўлі. Наогул стаўкі па крэдытах сёлета не будуць «чорнымі лебедзямі» рынку. Што не выключае іншых нечаканасцяў».