Каманда Беларусі ў пляжным футболе перамагла Швэйцарыю ў першым матчы суперфіналу Лігі Еўропы
1- 10.09.2024, 21:54
- 2,666
Беларусы ўважаюцца за адных з фаварытаў турніру.
Нацыянальная каманда Беларусі ў пляжным футболе перамагла ў першым матчы групавога этапу суперфіналу Лігі Еўропы.
Выхаванцы гішпанскага спецыяліста Нікаласа Альварада перамаглі каманду Швэйцарыі з лікам 9:6.
Каманда Беларусі 11 верасня правядзе паядынак супраць Малдовы. Пачатак сустрэчы – у 13:45 паводле менскага часу. Закончыцца групавы этап 12 верасня сустрэчай з Францыяй.
Усяго ў турніры бяруць удзел 12 камандаў. Яны разбітыя на тры групы. У чвэрцьфінал наўпрост выходзяць дзве найлепшыя каманды з кожнага квартэта і яшчэ два калектывы, якія занялі трэція месцы.
Матчы 1/4 фіналу адбудуцца 13 верасня, на наступны дзень пройдуць паядынкі паўфіналаў, а гульні за медалі запланаваныя 15 верасня.
У мінулым сезоне трафей узялі італьянцы. Яны перамаглі ў фінале ў гішпанцаў (5:4). А Беларусь перамагла Партугалію (6:5) у матчы за трэцяе месца.