Трамп і Гарыс правялі першыя дэбаты
61- 11.09.2024, 16:48
- 31,680
Галоўныя заявы.
У ЗША прайшлі першыя дэбаты кандыдатаў у прэзідэнты Камалы Гарыс і Дональда Трампа. Былы прэзідэнт і дзейная віцэ-прэзідэнтка ЗША абмеркавалі цэлы шэраг унутрыпалітычных пытанняў, але не абышлося і без замежнай палітыкі, у тым ліку вайна ва Украіне.
РБК-Украіна сабрала галоўныя заявы кандыдатаў у прэзідэнты ЗША на дэбатах.
Дэбаты, якія павінны былі доўжыцца 90 хвілін, крыху зацягнуліся. Праз працяглыя адказы Трампа. З падлікаў тэлеканала CNN, былы прэзідэнт агулам казаў 43 хвіліны, тады як ягоная апанентка - 37,5 хвіліны.
Увогуле, пытанням унутранай амерыканскай палітыкі, накшталт эканомікі, праблем з мігрантамі, забароны абортаў, абароны дэмакратыі і мірнай перадачы ўлады, медыцыны і г.д., на дэбатах надавалася значна больш увагі, чым замежнапалітычным тэмам. Аднак пытанням вайны Расеі супраць Украіны і канфлікту паміж Ізраілем і ХАМАС месца таксама знайшлося.
Вайна Расеі супраць Украіны
Хаця да пытання расейскай агрэсіі супраць Украіны кандыдаты ў прэзідэнты прыйшлі толькі пасля гадзіны дэбатаў, яго абмеркаванне было эмацыйным.
Трамп паўтарыў свае папрокі, што Расея не напала б на Украіну, калі б ён быў прэзідэнтам, але ўхіліўся ад адказу на пытанне мадэратара аб тым, ці хоча ён перамогі Кіева ў гэтай вайне.
«Я хачу, каб вайна спынілася. Я хачу выратаваць жыцці, бо людзі гінуць мільёнамі, лічбы значна вышэйшыя, чым тыя, якія вы атрымліваеце, гэта фальшывыя лічбы», - сказаў экс-прэзідэнт ЗША.
Раскрыць свой «мірны план» на просьбу мадэратара Трамп таксама не змог, толькі сказаў, што патэлефанаваў бы кіраўнікам Украіны і Расеі, і пасля гэтага, паводле ягоных слоў, вайна б скончылася.
Каментуючы гэта, Гарыс абвінаваціла Трампа ў падлабуньванні да дыктатараў, а таксама заявіла, што Трамп «здаўся б за 24 гадзіны», а «Пуцін сядзеў бы ў Кіеве» і глядзеў далей на Еўропу.
«Вы думаеце, што вы сябруеце з дыктатарам, але ён бы вас з'еў на абед», - сказала віцэ-прэзідэнтка.
Канфлікт паміж Ізраілем і ХАМАС
Гаворачы аб канфлікце, які ў мінулым кастрычніку разгарэўся паміж Ізраілем і баевікамі ХАМАС у Сектары Газа, Трамп выкарыстаў сваю шаблонную фразу аб тым, што гэтая вайна не пачалася б, калі б ён быў прэзідэнтам ЗША. Акрамя гэтага, ён сказаў, што Ізраіль павінен «закончыць пачатае», «хутка скончыць з гэтым» і што ЗША павінны «дазволіць Ізраілю закончыць працу».
Харыс са свайго боку паўтарыла пазіцыю адміністрацыі Джо Байдэна наконт «жалезнай падтрымкі» і «няўхільнай адданасці» Ізраілю з боку ЗША і падкрэсліла, што краіна мае права на абарону, але дадала, што важна тое, як яна гэта робіць. У гэтым ключы яна згадала пра гуманітарны крызіс у Сектары Газа і гібель цывільных ад баявых дзеянняў.
«Мы ведаем, што гэтая вайна павінна скончыцца. Гэта павінна скончыцца неадкладна, і тое, як гэта скончыцца, заключаецца ў тым, што нам патрэбнае пагадненне аб спыненні агню і нам патрэбнае вызваленне закладнікаў. Таму мы будзем працягваць працаваць над гэтым дзень і ноч», - сказала яна, дадаўшы, што выступае за развязанне канфлікту на аснове прынцыпу «дзвюх дзяржаў».
Трамп і Орбан
Падчас дэбатаў Гарыс папракнула Трампа ў тым, што многія сусветныя лідары «смяюцца з яго», а некаторыя з вайсковых кіраўнікоў, паводле ейных слоў, называлі экс-прэзідэнта «ганьбай».
У адказ Трамп згадаў, як яго расхвальваў кіраўнік Вугоршчыны Віктар Орбан, якога дзейны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн называў дыктатарам. Экс-прэзідэнт сцвярджаў, што Орбан казаў, што ў выпадку перамогі на выбарах Трампа будуць баяцца Расея і Кітай.
«Глядзіце, гэта сказаў Віктар Орбан. Ён сказаў, што самым паважаным чалавекам, якога найбольш баяцца, з'яўляецца Дональд Трамп», - дадаў ён, а таксама назваў Орбана «адным з самых паважаных людзей».
Выбары 2020 і мірная перадача ўлады
Трамп і надалей адмаўляецца прызнаваць сваю паразу на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, на якіх перамог Джо Байдэн, і адмовіўся ад усіх сваіх папярэдніх заяў, якія маглі сведчыць пра адваротнае.
«Я казаў такое? Гэта было сказана з сарказмам», - растлумачыў ён, дадаўшы, што ёсць «столькі доказаў» таго, што перамог ён, а не Байдэн.
Акрамя таго, Трамп адмовіўся прызнаваць сваю адказнасць у нападзе на Капітолій 6 студзеня 2021 года, які адбыўся пасля яго заяў аб скрадзеных выбарах і закліку ісці на Кангрэс ЗША. Як сказаў Трамп, за бяспеку павінна была адказваць тагачасная спікерка Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэласі.
Каментуючы гэтыя падзеі, Гарыс заклікала «перагарнуць старонку» і «не вяртацца назад».
«Давайце пракладзём курс на будучыню, а не будзем вяртацца назад у мінулае», - падкрэсліла яна.
Міграцыйнае пытанне
Гаворачы аб пытаннях мігрантаў, Трамп раскрытыкаваў адміністрацыю Байдэна-Гарыс за тое, што нібыта за час іх кадэнцыі ў ЗША трапілі дзясяткі мільёнаў мігрантаў. Ён таксама ўспомніў выдуманы ў сацсетках укід аб тым, што мігранты з Гаіці ў горадзе Спрынгфілд выкрадаюць свойскіх катоў і сабак, каб іх есці.
Увогуле, у пытанні мігрантаў Трамп апераваў фактычна выдумкамі і маніпуляцыямі, тады як Гарыс нагадала яму аб падзеях у Кангрэсе ЗША, калі дэмакраты і рэспубліканцы напрацавалі кампрамісны закон для ўзмацнення кантролю на амерыкана-мексіканскай мяжы, але яго ўхвалу сарвала група «трампістаў».
Праз пытанне мігрантаў і мяжы зацягнуўся разгляд у Кангрэсе ЗША і пытання выдачы сродкаў на працяг ваеннай дапамогі Украіне. Амерыканскія заканадаўцы паўгода знаходзіліся ў тупіку, пакуль не ўдалося аддзяліць пытанне мяжы ад пытання дапамогі Украіне і Ізраілю.