Пуцін даручыў рыхтаваць забарону на вываз з РФ урану, тытану і нікелю
20- 11.09.2024, 18:52
- 10,522
Дыктатар РФ хоча такім чынам адказаць на санкцыі Захаду.
Ужо адрэзаная санкцыямі ад заходніх рынкаў нафты, сталі і вугалю расейская эканоміка можа страціць магчымасць экспартаваць запатрабаваныя ў свеце ключавыя каляровыя металы.
Ураду Расеі трэба прапрацаваць пытанне аб абмежаваннях на продаж за мяжу ўрану, тытану і нікелю, заявіў у сераду дыктатар РФ Уладзімір Пуцін. Паводле ягоных словаў, магчымыя экспартныя забароны павінны стаць адказам на санкцыі, якія забараняюць пастаўку шэрагу тавараў у РФ.
«Міхаіл Уладзіміравіч (Мішусцін), у мяне да вас просьба, – сказаў Пуцін, звяртаючыся да расейскага прэм'ера на нарадзе з чальцамі кабміна. – Вы паглядзіце, калі ласка, вось, некаторыя віды тавараў, якія мы пастаўляем на сусветны рынак… Да нас абмяжоўваюць пастаўкі шэрагу тавараў, але, магчыма, нам таксама падумаць пра пэўныя абмежаванні – уран, тытан, нікель».
Пуцін дадаў, што Расея з'яўляецца «лідаркай у запасе шэрагу стратэгічных відаў сыравіны», уключаючы прыродны газ (22% сусветных запасаў), золата (23%) і дыяменты (55%). «Калі гэта нам шкодзіць не будзе, то можна было б падумаць, я не кажу, што заўтра трэба гэта зрабіць, але падумаць і над пэўнымі абмежаваннямі паставак на знешні рынак», – сказаў Пуцін (цытаты паводле сайта Крамля).