Два беларускія футбольныя клубы ўваходзяць у топ-500 найлепшых у свеце
5- 11.09.2024, 20:01
- 4,760
Хто і на якім месцы?
Абноўлены спіс наймацнейшых на планеце камандаў прапанавала Міжнародная федэрацыя футбольнай гісторыі і статыстыкі.
Лідар у ім прадказальна мадрыдскі «Рэал», які стаў пераможцам апошняй Лігі чэмпіёнаў, дзе ў фінале падолеў дортмундскую «Барусію» (2:0). Цікава, што апошняя не з'яўляецца найлепшай нават сярод нямецкіх камандаў, займаючы толькі 7-е месца. А вось замыкае тройку «Баер» з Леверкузена. Паміж ім і «Рэалам» уклініўся чэмпіён Англіі «Манчэстэр Сіці».
Што да беларускіх клубаў, то ў гэтым спісе фігуруюць толькі два ўдзельнікі нашага элітнага чэмпіянату. Гэта менскае «Дынама» і гарадзенскі «Нёман». Яны займаюць адпаведна 274-ю і 341-ю пазіцыі.
Падобны рэйтынг абнаўляецца штомесяц. У чэмпіёнаў краіны з «Дынама» ёсць усе шанцы падняцца ў ім яшчэ вышэй, паколькі «бела-блакітныя» сталі першым за шэсць гадоў беларускім клубам, які прабіўся ў восеньскую стадыю футбольных еўракубкаў: дынамаўцы выступяць у Лізе канферэнцый.