Літоўцы змогуць гнаць самагонку легальна
19- 11.09.2024, 21:32
- 7,744
Але не на продаж.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падпісаў папраўкі да закона, якія легалізуюць вытворчасць самагону ў сядзібах сельскага турызму.
Пра гэта паведамляе LRT.
Наўседа падпісаў папраўкі да закона аб кантролі за алкаголем, якія прадугледжваюць, што з 31 кастрычніка ў Літве дазволяць вырабляць напоі моцай да 65 градусаў, «прызнаныя прадукцыяй нацыянальнай спадчыны».
За год літоўцы змогуць вырабляць да 100 літраў самагону, але толькі для асабістага або сямейнага выкарыстання або для дэгустацыі на месцы, ягоны продаж будзе забаронены.
Папраўкі таксама патрабуюць, каб вытворцы самагонкі паведамлялі ў Дзяржаўную харчова-ветэрынарную службу Літвы за 48 гадзінаў да пачатку вытворчасці. А цягам 24 гадзінаў пасля заканчэння вытворчасці – паведамлялі дакладную колькасць вырабленага напою.
Таксама мяркуецца, што самагон павінен быць разліты ў шкляныя бутэлькі аб'ёмам ад 0,2 да 1 літра і мець этыкеткі з указаннем нумара, імя і прозвішча вытворцы, даты і часу вытворчасці, складу і адсоткавага ўтрымання этылавага спірту.
Літоўскія ўлады раней патлумачылі, што папраўка не прынясе ўладальнікам сядзібаў значных фінансавых выгодаў, але дапаможа захаваць нацыянальную спадчыну.