Ва Украіне прайшоў выпрабаванні новы наземны робат «Змей»
2- 11.09.2024, 21:49
- 5,152
Можа вытрымаць падрыў супрацьтанкавай міны.
Украінская машына для размінавання «Змей» паспяхова закончыла поўны цыкл выпрабаванняў і атрымала сертыфікат адпаведнасці. Яна можа працаваць ва ўмовах нізкай і сярэдняй расліннасці і здольная знішчаць супрацьпяхотныя і супрацьтанкавыя міны, а таксама здымаць расцяжкі.
Пра гэта ў сераду, 11 верасня, паведамілі ў Міністэрстве эканомікі Украіны.
Намеснік міністра эканомікі Ігар Бескаравайны адзначыў, што гэта «ўнікальная ідэя, адаптаваная да ўкраінскіх умоваў».
Вытворцы падкрэсліваюць, што «Змей» – лёгкая і хуткая машына, здольная вытрымаць выбух супрацьтанкавай міны. Яе можна выкарыстоўваць для размінавання тэрыторый, пашкоджаных аскепкавымі і фугаснымі боепрыпасамі.
Перавагай робата з'яўляецца магчымасць хуткай замены пашкоджаных пры выбуху камплектавальнікаў, а таксама даволі нізкі кошт вытворчасці. Кошт «Змея» залежыць ад камплектацыі і складае ад 14,5 да 20 тысячаў даляраў, пры гэтым серыйная вытворчасць можа яшчэ больш знізіць яе, адзначаюць у Мінэканомікі.
Вага робата складае прыкладна адну тону, а ягоная шырыня – 1,35 метра. Машына здольная размінаваць да 2,5 гектараў за гадзіну, пры гэтым аператар можа кіраваць ёю на адлегласці да 2,9 кіламетра.