«Рэжым Лукашэнкі абрынецца раней»
11- 12.09.2024, 16:42
- 46,034
Дыктатар зрабіў самагубны крок.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна расказала ў інтэрв'ю літоўскаму Delfi аб паказальным моманце, калі самі лукашысты прабрахаліся аб магутным уздзеянні санкцый на беларускую эканоміку:
- Жыццё чалавека неацэннае. З гэтай прычыны мы мусім дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў. У тым ліку - лідараў апазіцыі. Я не згодная з тым, што мы даможамся вызвалення часткі вязняў сумлення, а большая частка, у тым ліку — тыя, якія невядомыя, застануцца ў турмах. Ці такія фігуры, як Мікола Статкевіч. Гэта рэальны лідар беларускай апазіцыі, які 30 гадоў знаходзіцца ў апазіцыі да рэжыму Лукашэнкі, з іх блізу 13 гадоў ён правёў у зняволенні. Гэта асабісты вораг дыктатара. Думаю, што ён вельмі не жадае яго вызваляць, ці ж хоча вызваліць апошнім. Мы павінны дамагацца вызвалення Мікалая Статкевіча? Безумоўна, павінны.
Нядаўна праўладны дзеяч Юры Васкрасенскі ў інтэрв'ю дзяржаўным медыям прабрахаўся і сказаў праўду. Рэжым сёння рэальна пакутуе праз уведзеныя санкцыі. Бо ён сказаў, што "калі мы не вызвалім беларускіх палітвязняў, то неўзабаве ўладам не будзе чым плаціць пенсіі". Я звярнула ўвагу на гэтае выказванне. Гэта азначае, што санкцыі б'юць па рэжыме. Не слухайце тых, хто кажа, што "санкцыі масава абыходзяцца", "не дзейнічаюць", "давайце мы іх скасуем". Не. Па-першае, нельга скасаваць санкцыі, якія ўведзены за іншыя злачынствы. Як можна скасаваць санкцыі на калій, калі Лукашэнка не выйшаў з вайны. Каб вызваліць палітвязняў, трэба ўвесці новыя санкцыі. Пад гэтымі новымі санкцыямі я маю на ўвазе забарону на транзіт. Размовы пра вызваленне палітвязняў, ведама, трэба весці. Але гэта павінны быць дакладныя і ясныя ўмовы - вызваленне ўсіх вязняў сумлення і спыненне тэрору ўнутры краіны. Што мы бачым сёння? Вызваляюць 30 чалавек, саджаюць 150. Бо шмат людзей асуджаюць паўторна. Чалавек удзельнічаў у двух маршах - адсядзеў два гады. Потым яго ўбачылі на фатаграфіі на яшчэ адной акцыі пратэсту - яго зноў саджаюць у турму.
Беларуская журналістка мяркуе, што лёс рэжыму Лукашэнкі прадвызначаны:
- Не мае ніякага значэння, перапрызначыць ён сябе ці не. У кожным разе ў Лукашэнкі няма гэтых пяці гадоў, якія ён сабе адмярае. Я перакананая, што рэжым абрынецца раней. Пачаўшы вайну супраць Украіны, Лукашэнка і Пуцін зрабілі самагубны крок. Яны запусцілі праграму самаразбурэння. Мы бачым, што два дыктатары пакутуюць ад санкцый, што б яны не казалі. Пуцін і Лукашэнка спрабуюць ваяваць з усім светам, і яны саступяць.