У Менску судзяць 60-гадовага псіхолага з вялікім стажам
3- 14.09.2024, 21:26
- 11,204
За "садзейнічанне экстрэмізму".
Наталля Верабей - дасведчаны псіхолаг і мае вышэйшую катэгорыю. Хутчэй за ўсё яе затрымалі за дапамогу палітвязням, адзначае «Наша ніва».
Наталлі Верабей 60 год. Яна закончыла біялагічны факультэт БДУ ў 1987 годзе. Невядома, як яна пасля прыйшла ў псіхалогію.
У прафесіі яна як мінімум з нулявых, аб гэтым можна адшукаць звесткі ў інтэрнэце. У сацыяльна-педагагічным цэнтры Савецкага раёна Менска Наталля Варабей працуе як мінімум з 2011 года. Невядома, ці звольнілі яе - на сайце сацыяльна-педагагічнага цэнтра яна дагэтуль лічыцца сярод работнікаў і нават дзеячаў прафсаюза.
Наталля Верабей працавала з рознымі катэгорыямі людзей. Вядома, напрыклад, што яна займалася псіхалагічнай падрыхтоўкай алімпіяднікаў, дзецьмі з ДЦП, псіхічнымі і псіхалагічнымі праблемамі, а таксама вучыла школьных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў. Таксама займалася жаночай псіхалогіяй, пісала артыкулы на гэту тэму.
Невядома, калі Наталлю затрымалі, але апошняя навіна пра яе выйшла ў канцы 2023 года, хаця раней пра яе рэгулярна пісалі афіцыйныя каналы — напрыклад, канал адукацыі Савецкага раёна. Таксама характэрна, што яе судзяць у той жа час, што і людзей, якіх затрымалі за дапамогу палітвязням. Але сутнасць абвінавачання дакладна невядомая.
Суд над Наталляй пачнецца 1 кастрычніка 2024 года. Яе абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК). Ёй пагражае да сямі гадоў калоніі. Невядома, ці была жанчына за кратамі, ці яе пакінулі пад падпіскай.
Судзіць яе будзе Святлана Макарэвіч. Раней яна кіравала Кастрычніцкім судом Менска, дзе таксама выносіла палітычныя прысуды, а зараз яе перавялі ў Менскі гарадскі суд. За год на пасадзе яна разгледзела больш за 30 палітычных крымінальных спраў, у тым ліку апеляцыі.