11 кастрычнiка 2024, Пятніца, 14:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дваццаць пяць гадоў таму ў Менску былі выкрадзеныя Ганчар і Красоўскі

10
Дваццаць пяць гадоў таму ў Менску былі выкрадзеныя Ганчар і Красоўскі

Сёння - Дзень беларускай салідарнасці.

Дваццаць пяць гадоў таму ў Менску былі выкрадзеныя адзін з лідараў апазіцыі Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.

Увечары 16 верасня 1999 года яны прыехалі ў лазню, размешчаную ў Менску на вуліцы Фабрычная, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна а 22.35, калі абодва выйшлі з будынка і селі ў «Джып-Чэрокі», які належаў Красоўскаму.

Крымінальную справу паводле факту знікнення Ганчара і Красоўскага распачала пракуратура Менска. Са звестак следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі выяўлены аскепкі пластмасавых рассейвальнікаў святлосігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды тармажэння аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Аналіз сабраных усправе доказаў, у тым ліку паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя.

Апазіцыйныя лідары Юры Захаранка і Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі і журналіст Зміцер Завадскі бясследна зніклі ў 1999-2000 гг. Позна вечарам 7 траўня 1999 года ў раёне праспекта Жукоўскага ў Менску Юрыя Захаранку выкралі і вывезлі на легкавым аўтамабілі ў невядомым кірунку. Уночы 17 верасня 1999 года ў раёне вуліцы Фабрычнай, 20а былі выкрадзеныя палітык Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Днём 7 ліпеня 2000 года, па дарозе ад свайго дома ў Менску ў аэрапорт, журналіст Дзмітрый Завадскі быў захоплены групай узброеных людзей у колькасці 5-6 чалавек, сярод якіх знаходзіліся дзейны баец спецпадраздзялення ў барацьбе з тэрарызмам "Алмаз" МУС Рэспублікі Беларусь Максім Малік і былы афіцэр гэтага ж падраздзялення Валерый Ігнатовіч. Трупы Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага дагэтуль не знайшлі.

Палітыкі, журналісты і праваабаронцы мяркуюць, што Захаранку, Ганчара, Красоўскага і Завадскага скралі так званыя «эскадроны смерці», якія раней, у 90-я, знішчалі прадстаўнікоў крымінальнага свету Беларусі. З папярэдняй высеовы праваабаронцаў, асноўнымі падазраванымі ў справе выкраданняў і забойстваў Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага з'яўляюцца Аляксандр Лукашэнка, Віктар Шэйман (тагачасны кіраўнік Савета бяспекі), Юрый Сівакоў і Уладзімір Навумаў (у розныя часы - міністры ўнутраных спраў), Дзмітрый тагачасны камандзір в/ч 3214) і Мікалай Васільчанка (тады - начальнік Службы бяспекі прэзідэнта). Высновы беларускіх праваабаронцаў былі пацверджаны ў 2004 годзе ў спецыяльным дакладзе дэпутата Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдэса, які праводзіў уласнае расследаванне.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова публічна прызнаваў, што ў Беларусі на ягоны загад адбываліся пазасудовыя забойствы крымінальных аўтарытэтаў. Апошні раз ён пра гэта казаў 24 красавіка 2018 года падчас паслання да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. «Вы што, звар'яцелі? Ці мне прымаць жорсткія меры, як у першыя гады майго прэзідэнцкага жыцця, калі забівалі людзей на трасе Масква-Бэрлін: калі я пасылаў жменьку надзейных людзей з аўтаматамі, якія перастралялі там палову і навялі парадак на працягу месяца», - казаў дыктатар Беларусі. Аднак сваё дачыненне да выкрадання Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага Аляксандр Лукашэнка заўсёды зняпраўджвае. Ён падкрэсліваў, што яны не былі яго апанентамі, ды ўвогуле ў Беларусі штогод шмат людзі знікаюць, таму не трэба столькі ўвагі надаваць гэтым справам.

Рэальнае расследаванне гэтых гучных знікненняў можа аднавіцца толькі ў выпадку змены існай улады. Прадстаўнікі апазіцыі, сваякі зніклых і міжнародная грамадскасць мяркуюць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя паводле палітычных матываў, і падазраюць у датычнасці да гэтага злачынства вышэйшых службовых асоб краіны.

Цягам 25 гадоў, нягледзячы на рэпрэсіі з боку рэжыму, беларусы выходзілі на шматлікія акцыі памяці, не даючы забыцца на злачынствы рэжыму. З таго часу дата 16 верасня стала Днём беларускай салідарнасці.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках