Forbes: УСУ наступаюць у Курскай вобласці пры падтрымцы танкаў і знішчальнікаў
10- 16.09.2024, 9:20
- 29,930
Новы прарыў.
Тое, што спачатку здавалася кароткім і неглыбокім наступам, напраўду перарасло ў нешта значна больш небяспечнае для расейскага кантролю над Курскай вобласцю.
Аб гэтым піша выданне Forbes, аналізуючы сітуацыю на новым участку фронту ў Курскай вобласці пасля таго, як на мінулым тыдні УСУ прарвалі абарону УС РФ на яшчэ адным адцінкаў расейска-ўкраінскай мяжы.
Як адзначае аўтар публікацыі, украінскія танкі ўвайшлі ў пасёлак Вясёлае, а знішчальнік-бамбардзіроўшчык ВПС Украіны скінуў кіраваную па спадарожніку планерную бомбу на будынак, у якім, магчыма, знаходзіліся расейскія вайскоўцы.
Таксама ў Forbes акцэнтуюць увагу, што ў расейскім гарнізоне вакол Вясёлага знаходзіцца вялікая колькасць дрэнна навучаных маладых навабранцаў, якія, паводле палітыкі Крамля, не павінны ўдзельнічаць у баявых дзеяннях.
Адзначаецца, што моцная залежнасць паўночнай групоўкі расейскіх войскаў ад навабранцаў для першапачатковай абароны супраць галоўнага ўкраінскага ўдару ў Курскай вобласці, які пачаўся ў жніўні, з'яўляецца адной з прычын, дзякуючы якой украінцам удалося так хутка рушыць наперад.
"Гэта злавесны знак для расейцаў, што іх абарончыя намаганні ў Вясёлым, відаць, таксама залежаць ад непадрыхтаваных маладых людзей", – канстатуюць у Forbes.
У той жа час, падкрэслівае аўтар артыкула, украінцы, якія ўдзельнічаюць у баях, з'яўляюцца загартаванымі ў баях добраахвотнікамі, якіх падтрымліваюць танкі, беспілотнікі і вайсковыя самалёты.