8 кастрычнiка 2024, aўторак, 5:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ценявы флот» Пуціна прагналі з ключавой стаянкі ў Міжземным моры

2
«Ценявы флот» Пуціна прагналі з ключавой стаянкі ў Міжземным моры

Раней «ценявому флоту» ўжо давялося пакінуць Сеуту на ўзбярэжжы Паўночнай Афрыкі.

Ценявы флот расейскіх танкераў, які возіць нафту ў абыход заходніх санкцый, пазбавіўся ключавой стаянкі ў Міжземным моры, дзе барэлі перапампоўваліся з судна на судна для далейшага транспартавання ў Азію.

Вайскова-марскі флот Грэцыі яшчэ на два месяцы прадоўжыў вучэнні ў Лаконскай затоцы - у самай паўднёвай затоцы мацерыковай Грэцыі і ўсёй Еўропы, праз якую пралягае марскі шлях у накірунку Суэцкага канала.

У выніку затока, дзе ў пачатку года штомесяц з танкера на танкер перапампоўвалася 200-400 тысяч тон нафты з РФ, застанецца закрытай для ўсіх камерцыйных суднаў, у тым ліку расейскіх, паведамляе Bloomebrg са спасылкай на звесткі Гідраграфічнай службы Грэцыі.

Вучэнні, якія дэ-факта закрылі затоку і забаранілі рух суднаў ля берагоў паўднёва-ўсходняга Пелапанеса, стартавалі ў пачатку траўня і з таго часу неаднаразова працягваліся. У выніку перавалка расейскай нафты каля грэцкага порта Каламаты практычна спынілася, а трэйдарам давялося шукаць новыя стаянкі для танкераў.

Раней «ценявому флоту» ўжо давялося пакінуць Сеуту на ўзбярэжжы Паўночнай Афрыкі, якая была важным месцам для перагрузкі паліва «борт-борт», бо гішпанскія ўлады ўзмацнілі жорсткасць правіл у дачыненні да STS-аперацый з нафтай.

Са слоў трэйдараў, якіх цытуе Reuters, аперацыі па перавалцы расейскай Urals «борт-борт» перамясціліся на поўдзень - у егіпецкія парты Даміету і Порт-Саід, дзе пастаўшчыкі нафты з РФ перагружаюць сыравіну з танкераў класа Aframax на буйнейшыя судны VLCC, а таксама да берагоў Мальты.

Улетку новай стаянкай для «ценявога» расейскага флоту стала паўночная частка Эгейскага мора. У ліпені не менш за чатыры танкеры з дызпалівам і газойлем агульным аб'ёмам амаль 123 тысячы тон выйшлі з расейскіх чарнаморскіх партоў Тамані і Туапсэ ў зону на поўдзень ад грэцкай выспы Хіёс. З пачатку жніўня яшчэ тры танкеры пагрузілі амаль 100 тысяч тон у чарнаморскім порце Туапсэ і таксама накіроўваюцца да Паўночна-Эгейскіх астравоў, паводле інфармацыі LSEG.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках