У Беларусі тушаць адразу некалькі буйных пажараў
1- 16.09.2024, 20:30
- 6,018
Пах гару пакуль нікуды не падзенецца.
Як паведаміла прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі, адзін з пажараў шалее ў межах адразу трох лясгасаў: Мілошавіцкага, Жыткавіцкага, Палескага (Берасцейская і Гомельская вобласці).
Адзначаецца, што агмень ізноў палымнее ў журавінавых месцах – на тэрыторыі Рубрынскага лясніцтва Мілошавіцкага лясгаса. «Моцныя парывы ветру імгненна падхапілі полымя – агонь перайшоў на тэрыторыю суседняга лясніцтва Жыткавіцкага лясгаса і цяпер накіроўваецца ў бок Палескага лясгаса», – гаворыцца ў паведамленні.
Спрабуюць спыніць агонь блізу ста чалавек з лесааховы і дзясяткі адзінак тэхнікі. На дапамогу леснікам прыляцелі і два барты МНС.
Буйны пажар у цяперашні момант ліквідуюць і на тэрыторыі Жлобінскага лясгаса ў Гомельскай вобласці.
Як паказвае статыстыка апошніх дзён, агмені ўзнікаюць, у асноўным, у журавінавых, багністых месцах, дадалі ў Мінлясгасе.