У Расеі заявілі аб гатоўнасці да ядзерных выпрабаванняў
29- 17.09.2024, 11:17
- 7,866
Першых з часоў СССР.
Расея ў кожны момант гатовая пачаць ядзерныя выпрабаванні на палігоне Новая Зямля, заявіў начальнік Андрэй Сініцын у інтэрв'ю «Российской газете».
«Палігон гатовы да аднаўлення поўнамаштабнай выпрабавальнай дзейнасці. Гатовы ў поўным аб'ёме. Гатовая лабараторна-выпрабавальная база. Гатовы персанал. Калі паступіць каманда, мы ў кожны момант пачнём выпрабаванні», - сказаў ён.
Паводле ягоных слоў, на палігоне праходзяць рэгулярныя трэніроўкі для адбіцця патэнцыйных нападаў беспілотнікаў, а сам аб'ект прыкрыты комплексамі РЭБ.
«Мы ўвесь час гатовы да адбіцця ўсіх відаў пагроз. У тым ліку пранікнення на востраў дыверсійна-выведвальных груп», - растлумачыў Сініцын.
У мінулую суботу дэпутат Дзярждумы ад «Адзінай Расеі» Андрэй Калеснік прапанаваў падарваць на расейскім палігоне ядзерную бомбу, каб нагадаць свету аб пагрозе, якую нясе такая зброя.
«Трэба дзе-небудзь зрабіць ядзерны выбух, на якім-небудзь палігоне. У нас зараз забароненыя ядзерныя выпрабаванні, але, можа, людзям варта паглядзець, да чаго гэта ўсё прыводзіць, варта пачуць. Калі зняць мараторый, можа, чалавецтва задумаецца», - заявіў Калеснік.