У Ліване сотні баевікоў «Хезбалы» атрымалі раненні ад уласных пэйджараў
- 17.09.2024, 22:39
- 18,068
Сярод пацярпелых – амбасадар Ірана ў Бейруце.
Сотні баевікоў «Хезбалы» атрымалі 17 верасня сур'ёзныя раненні, у выніку таго, што ў іх выбухнулі пэйджары ды іншыя прылады, якія яны выкарыстоўвалі для спецсувязі. Пра гэта паведамілі Reuters крыніцы ў ліванскіх службах бяспекі.
Паранены і амбасадар Ірана ў Ліване ў выніку выбуху сродку сувязі.
Журналіст Reuters бачыў пасля блізу дзесяці параненых актывістаў «Хезбалы», якія сцякалі крывёй, у паўднёвым прыгарадзе Бейрута – Дахіі. Ліванскае Міністэрства аховы здароўя называе лік 200 параненых. Крыніцы Reuters пацвердзілі, што гаворка пра «сотні» пацярпелых. 12-ы канал ІТВ са спасылкай на замежныя СМІ называе лік 1000 параненых.
Выбухі пэйджараў зафіксаваныя ў Бейруце, горным Ліване і на поўдні краіны.
Іранскае агенцтва Mehr заявіла, што ў выніку выбуху пэйджараў пацярпеў амбасадар краіны ў Бейруце Маджтаба Амані.
Паводле паведамленняў арабскай рэдакцыі Sky News, якая спасылаецца на ліванскія крыніцы, Ізраіль мог правесці кібератаку, узламаць і дыстанцыйна падарваць прылады, якія выкарыстоўваліся баевікамі «Хезбалы».
Ваенны і стратэгічны эксперт Джозэф Насар у інтэрв'ю Sky News Arabia заявіў, што адбылося ўкараненне вірусу ў праграмнае забеспячэнне пэйджараў. Вірус прымушае ПЗ працаваць на вельмі высокай хуткасці, што прыводзіць да выбуху акумулятара.