Падзенне коштаў нафты ўдарыла па расейскім бюджэце
5- 18.09.2024, 18:10
- 4,600
Казна недалічыцца 500 мільярдаў расейскіх рублёў.
Значнае падзенне коштаў нафты, якое апусціла цану барэля амаль на $10 ніжэй за закладзены ў расейскі бюджэт узровень, абяцае расейскай казне страту сотняў мільярдаў рублёў, паведамляе The Moscow Times.
З запланаваных 11,5 трлн рублёў нафтагазавых даходаў урад РФ да канца года збярэ не больш за 11 трлн, папярэджваюць у аглядзе аб стане дзяржфінансаў эксперты Інстытута Гайдара.
«Негатыўна паўплываць на сітуацыю», пішуць яны, могуць «зніжэнне кошту нафты і стабілізацыя абменнага курсу рубля на больш высокіх стратах, чым у першым паўгоддзі».
У пачатку верасня кошт расейскага экспартнага гатунку Urals упершыню з пачатку года падаў ніжэй за $60 за барэль, хоць яшчэ ён прадаваўся па $75 і вышэй. На сярэдзіну верасня, паводле ацэнак Argus, каціроўкі ў партах Балтыйскага і Чорнага мораў складалі $61-62 за бочку Urals супраць $70, у разліку на якія вярсталі бюджэт-2024.
Яшчэ амаль 800 млрд рублёў бюджэт можа недабраць у выглядзе ненафтагазавых падаткаў, мяркуюць у Інстытуце Гайдара. З праблемамі сутыкнуліся ключавыя галіны эканомікі - металургія і вугальная прамысловасць, якія страцілі рынкі збыту праз заходнія санкцыі. У выніку даходы ўрада могуць апынуцца на 1,3 трлн рублёў ніжэйшымі за план — 33,7 трлн рублёў замест 35 трлн. З улікам таго, што Мінфінансаў павысіла план па выдатках з 36,6 да 38 трлн рублёў, фактычна дэфіцыт бюджэту можа скласці 4,3 трыльёны рублёў, ацэньваюць эканамісты: гэта ў 2,6 разы вышэй за запланаваны ўзровень (1,6 трлн) і на траціну больш за паказчык мінулага года (3 трлн).
Пакуль бюджэт не адчувае болю: у жніўні ён атрымаў прафіцыт на 767 млрд рублёў, а назапашаным вынікам за 8 месяцаў яго дэфіцыт склаў толькі адну шостую ад гадавога плана - 331 млрд рублёў. Аднак нафтагазавыя даходы ў жніўні — 768 млрд рублёў — апынуліся на 28% ніжэйшымі за ліпеньскія і на 20% ніжэйшымі за сярэдні ўзровень за папярэднія 7 месяцаў.
Прыбытак Расеі ад продажу нафты і газу, паводле звестак Міжнароднага энэргетычнага агенцтва, скараціўся ў жніўні на $1,6 млрд, да $15,3 млрд і стаў самым нізкім за год. Нават калі кошты нафты стабілізуюцца блізу $60, бюджэту будзе некамфортна «праз высокія выдаткі на СВА», піша Расбанк: войска і закупы зброі абыдуцца казне сёлета 10,8 млрд рублёў, ці амаль 30% усіх выдаткаў - рэкордная доля з часоў СССР.
Каб кампенсаваць даходы, што выпалі, згодна з бюджэтным правілам, урад павінен задзейнічаць Фонд нацыянальнага дабрабыту. Але ў ім засталося ўсяго 4,8 трлн рублёў ліквідных, гэта значыць, не выдаткаваных сродкаў, з якіх 1,3 трлн ужо зарэзерваваны пад выдаткі ў снежні, паказвае Яўген Сувораў, эканаміст банка Цэнтракрэдыт. «Што будзе рабіць урад у сітуацыі, якая склалася, вялікая загадка», – адзначае Сувораў. З пачатку вайны «ліквідная» падушка ФНБ зменшылася практычна ўдвая.