«Мы забяспечваем сем'і, а нас называюць дармаедамі»
37- 18.09.2024, 19:41
- 22,702
У Беларусі хочуць зрабіць платнай медыцыну для дальнабойнікаў.
«Дэпутаты» «нацыянальнага сходу» ўслед за Міністэрствам аховы здароўя Беларусі заклапаціліся тым, што грамадзяне, якія працуюць за мяжой, прыязджаюць на лячэнне дадому. Прынамсі, размова ідзе аб дальнабойніках. Чыноўнікі не хаваюць свайго абурэння тым, што падаткі кіроўцы цяжкавікоў плацяць за мяжой, а лечацца бясплатна ў Беларусі. Што яны плануюць зрабіць?
Улады незадаволеныя, што дальнабойнікі плацяць падаткі ў ЕЗ
«Дэпутат» Віктар Пляскач падчас выступу на пасяджэнні камісіі па «дармаедах» распавёў, што ўлады Беларусі задумаліся, як «прастымуляваць грамадзян працаваць», у тым ліку і «непапулярнымі метадамі». З яго слоў, у парламенце абмяркоўваюць закон, які абавяжа грамадзян, не занятых у эканоміцы (так улады афіцыйна называюць «дармаедаў»), плаціць за медыцынскія паслугі ў дзяржаўных лякарнях і паліклініках.
Раней намесніца міністра аховы здароўя Алена Краткова ў эфіры дзяржТВ адзначала, што экстранная дапамога будзе надавацца бясплатна, а вось планавая - за грошы. «Што да стаматалагічных паслуг, планавых шпіталізацый, на мой погляд, гэта павінна быць платным. Мы шмат гаворым пра тое, у колькі дзяржаве абыходзіцца ахова здароўя — амаль 4,5% ВУП», - заявіла чыноўніца.
«Паслугі хуткай дапамогі, канешне, будуць такія, як ва ўсіх. А вось нешта больш сур'ёзнае, мусіць, будзе на платнай аснове. Даражэй. У колькі разоў? Не гатовы сказаць. Пакуль гэты закон у стадыі абмеркавання, – сказаў дэпутат Пляскач. - Многія нашы людзі, якія працуюць за мяжой, прыязджаюць лячыцца ўсё адно сюды, бо гэта танней».
У якасці прыкладу Пляскач прывёў дальнабойнікаў, якія працуюць у краінах Еўразвяза: «Здаецца, усе кажуць, маўляў, яны прывозяць грошы, якія ідуць у эканоміку Беларусі, і гэта быццам бы добра. Але сёння кожны працадаўца Беларусі плаціць у Фонд сацабароны адлічэнні ў выглядзе 34% ад заробку на пенсійнае забеспячэнне, а ў нас кожны чацвёрты - пенсіянер. Што да Захаду, то дальнабойнік толькі ў той краіне, дапусцім, у Польшчы плаціць падаткі. Нам гэтыя 34% не трапляюць. Таму раней была прынятая такая непапулярная пастанова, як падвышаны тарыф на аплату ацяплення, гарачай вады (для «дармаедаў», у якіх у Беларусі ёсць ва ўласнасці жыллё. - Рэд.)».
Наступным крокам можа стаць платная медыцына. Дэпутат удакладніў, што абмежаванні не закрануць беларусаў, якія працуюць у Расеі і іншых краінах Еўразійскага эканамічнага саюза, іх не ўносяць у базу «дармаедаў».
«Мы забяспечваем сем'і, а нас называюць дармаедамі»
Навіна аб зменах, якія рыхтуюцца, занепакоіла дальнабойнікаў. У Беларусі бракуе кіроўцаў цяжкавікоў - на партале службы занятасці больш за 9 тысяч вакансій. Тым часам у Польшчы працуе больш за 90 тысяч дальнабойнікаў з РБ, яшчэ 40 тысяч - у Літве.
У чатах абураюцца, што ўлады, замест таго, каб развязаць праблему з нізкімі заробкамі і нявыгаднымі ўмовамі працы, пастанавілі пакараць простых кіроўцаў, якія змушана працуюць за мяжой. Многім давялося перакваліфікавацца ў дальнабойнікі, бо годнай працы па спецыяльнасці дома яны не знайшлі.
«Мы ездзім працаваць за мяжу не ад добрага жыцця», – адзначыў у каментары DW Арцём. Раней ён працаваў на чыгунцы, у 2023-м пайшоў у дальнабойнікі. «Усё, што зарабілі, прывозім назад у Беларусь, дзе засталіся сем'і. Мы ж выдаткоўваем грошы дома, у кошт тавараў і паслуг ужо закладзеныя падаткі. Я восем тыдняў у рэйсе, на два тыдні прыязджаю дадому, у мяне няма часу чакаць талон у паліклініцы, таму калі нешта і баліць, іду ў прыватны цэнтр. Так што бясплатную медыцыну і так не бачу», - распавядае ён.
Іншы суразмоўца DW па імі Зміцер больш за дзесяць гадоў прапрацаваў на дзяржаўным прадпрыемстве, але ўжо два гады, як і шматлікія былыя калегі, працуе кіроўцам на цяжкавіку. «Адзін уладкоўваецца - іншых за сабой падцягвае, - тлумачыць ён. - Дзе ты ў Беларусі заробіш 2 тысячы еўраў? Але мы ж гэтыя грошы прывозім дадому, забяспечваем сем'і, а нас называюць дармаедамі».
Што гаворыць закон?
Калі «дэпутаты» прымуць новаўвядзенне, платная медыцына будзе не толькі для дальнабойнікаў, а ўвогуле для ўсіх, хто трапіў у «базу дармаедаў». У канстытуцыі Беларусі замацавана, што грамадзянам гарантуецца права на бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Аднак у 2022 годзе, пасля рэферэндуму, гэтую фармулёўку дапоўнілі: бясплатнае лячэнне гарантуецца «ў парадку, устаноўленым законам». Гэтая агаворка развязвае рукі ўладам.