Міністр абароны Ізраіля заявіў пра пачатак новай фазы вайны на поўначы
- 18.09.2024, 20:06
- 4,798
Ёаў Галант назваў мэты.
Ізраіль пераносіць «цэнтр цяжару ваенных намаганняў» на паўночны кірунак (на поўначы Ізраіль мяжуе з Ліванам), пачынаецца «новая фаза» вайны, заявіў ізраільскі міністр абароны Ёаў Галант.
«Цэнтр цяжару перамяшчаецца на поўнач. Мы перанакіроўваем сілы, рэсурсы і энэргію на поўнач. <...> Я мяркую, што мы знаходзімся на парозе новай фазы гэтай вайны, і нам трэба адаптавацца», – сказаў ён.
Паводле словаў міністра, мэты Ізраіля ў вайне на поўначы «ясныя і простыя»: «бяспечна вярнуць жыхароў гарадоў на поўначы ў іх дамы». «Мы не забыліся на закладнікаў і не забыліся на свае задачы на поўдні. Гэта наш абавязак, і мы яго выконваем адначасова», – дадаў Галант.
Раней Ynet і Haaretz паведамілі, што на фоне «пэйджынгавай атакі» ЦАХАЛ пастанавіў перакінуць адно са сваіх падраздзяленняў – 98-ю дывізію – з сектара Газа на мяжу з Ліванам. Як адзначае Ynet, усяго ў сектары Газа былі тры дывізіі ЦАХАЛ – 98-я, 162-я і 252-я. Першая складаецца з брыгадаў камандас і парашутна-дэсантных войскаў. Пастанова пра яе перакідку была прынятая «ў чаканні патэнцыйнай эскалацыі».